Пасляматчавыя каментары Рыаса

01.08.2020

Аляксей Рыас каментуе вынікі матчу.

 

 

 

 

 

 

Напярэдадні гэтага матчу чыталася, што гульня будзе вельмі асцярожнай, акуратнай, бо і «Нёман» прапускае мала, і мы. Чакалася тактычная барацьба. Як яно атрымалася на самай справе?

- У прынцыпе так і атрымалася, усяго толькі адзін гол быў забіты. Хаця, думаю, магчымасці як каля нашай, так і каля іх брамы, прысутнічалі, можна было выціскаць з падач з флангаў, былі закіды. Аднак па першым тайме - так, была больш асцярожная гульня, нейяк, мне падалося, суддзя занадта моцна пасадзіў на свісткі гульню, абклаў штрафнымі. Былі - не былі, не ведаю, але дзіўна атрымалася. Гульня вельмі часта спынялася, гэта перашкаджала крыху. А так, пагаджуся, матч трохі глейкі. Мы бачылі, як гродзенцы гулялі да нашай гульні, і ў прынцыпе сёння гэта і было. Разумелі, як яны будуць з намі дзейнічаць і разумелі, што ў іх ёсць паўторныя атакі, другім тэмпам перадачы ў штрафную, але прапусцілі ... Не ведаю, можа не хапіла канцэнтрацыі тым, у чыю зону ляцеў мяч. Цяжка зараз сказаць, будзем глядзець, разбірацца.


Па вялікім рахунку, у абароне усё было нядрэнна, таму як «Нёман» карыстаўся пераважна далёкімі ўдарамі, але памылку дапусцілі ...

- Ну так, наколькі памятаю, быў кутні, і не змаглі далёка вынесці мяч, паўторная атака пайшла, страцілі гульцоў. Стойкавіч набег - і забіў гол. Паўтаруся, цяпер цяжка сказаць, трэба паглядзець на відэа, як гэта дакладна адбылося. У іх часта просяць гульцы за спіну, у кароткі пас практычна не гуляюць, больш закіды менавіта за спіну. Лічу, што з гэтым у прынцыпе спраўлялася нашы абаронцы, і брамнік страхаваў. Не хапіла нашых галоў, не атрымалася раскрыць абарону. Дзесьці можа трэба было быць больш агрэсіўнымі ў штрафной, трохі з хітрасцю сябе паводзіць. Не ведаю, не хапіла майстэрства на завяршальнай стадыі сёння.


На жаль, адрыў далідзіруючай тройкай павялічваецца. Што цяпер у галаве, альбо пакуль аналізаваць турнірнае становішча цяжкавата?

- У прынцыпе, «Нёман» яшчэ будзе гуляць з тым жа «Шахцёрам», БАТЭ, ёсць яшчэ «Дынама-Брэст». Думаю, трэба ізноўку заходзіць на пераможную сцежку і пачынаць серыю выйграных матчаў, нягледзячы ні на што. Мяркую, у нас яшчэ будзе шанец наблізіцца да тройкі, таму як упэўнены, усіх гульняў супернікі выйграць не здолеюць і будуць губляць балы
.

 

 

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце