З днём нараджэння!

29.01.2020

Сёння спаўняецца 64 гады сапраўднай легендзе беларускага футбола і мінскага «Дынама» - Сяргею Уладзіміравічу Бароўскаму! Культавая асоба для ўсяго айчыннага спорту і, асабліва, для нашага клуба.

 

 

 

 

Сяргей Бароўскі з'яўляецца аўтарам фантастычнага дасягнення - уся кар'ера футбаліста прайшла ў адным клубе, у мінскім «Дынама», а гэта роўна 457 матчаў, што з'яўляецца унікальным і сапраўды непаўторным рэкордам!

 

 

Легендарны абаронца з'яўляецца выхаванцам мінскай СДЮШАР-5. У 1972 годзе Бароўскі пачаў выступаць за дубль мінскага «Дынама», а 25 ліпеня 1974 года Сяргей Уладзіміравіч упершыню з'явіўся на полі ў асноўным складзе бела-блакітных. Сустрэча адбылася ў Растове-на-Доне, супраць мясцовага СКА. З тых часоў абаронца нязменна выступаў за галоўную каманду БССР і за 14 гадоў у клубе правёў рэкордную колькасць матчаў. Так, менавіта 14 гадоў Бароўскі правёў у «Дынама». Так доўга за гэты клуб не гуляў ніхто, уся кар'ера футбаліста прайшла ў Мінску.

 

 

У 1982 годзе Сяргей Бароўскі ў складзе зборнай Савецкага Саюза выступаў на чэмпіянаце свету ў Іспаніі і спыніўся за крок ад траплення ў паўфінал. Каменем перапоны стала зборная Польшчы, якая і не пусціла зборную СССР далей. Адзін з эпізодаў матчу з удзелам Сяргея Бароўскага і Збігнева Бонэка паслужыў сюжэтам для паштовай маркі Цэнтральна Афрыканскай Рэспублікі. Характэрны факт: у гісторыі СССР ўсяго тры футбалісты ўдастоіліся гонару быць намаляванымі на паштовых марках - гэта Ігар Нэта, Леў Яшын і наш Сяргей Бароўскі. Усяго ж за зборную СССР легендарны абаронца правёў 21 матч.

 

 

У 1989 годзе Сяргей Уладзіміравіч прыступіў да трэнерскай працы. За 28 гадоў Бароўскі працаваў у клубах: «Маладзечна», «Вентспілс» (Латвія), «Шэрыф» (Малдова), «Тарпеда» (Мінск), «Каўнас» (Літва), «Металург» (Запарожжа, Украіна), «Белшына», «Ветра» (Літва), берасцейкае «Дынама», жодзінскае «Тарпеда», «СКВІЧ», «Віцебск», БАТЭ і салігорскі «Шахцёр». З 15 ліпеня 2016 па 2 мая 2017 узначальваў мінскае «Дынама».

Двойчы працаваў з нацыянальнай зборнай Беларусі, з якой атрымаў адну з самых знакамітых вікторый беларускага футбола - над зборнай Нідэрландаў у 1995 годзе. Таксама Бароўскі працаваў з моладзёжнай зборнай Казахстана.

У складзе мінскага «Дынама» Бароўскі стаў чэмпіёнам СССР у 1982 годзе. Больш за тое, у тым жа сезоне, разам з Гурыновічам і Пракапенкам, Сяргей Уладзіміравіч трапіў у сымбалічную зборную чэмпіянату Савецкага Саюза.

Кіраўніцтва, супрацоўнікі, футбалісты і заўзятары мінскага «Дынама», аматары ўсяго беларускага футбола ад усёй душы і чыстага сэрца віншуюць легендарнага беларускага футбаліста са святам! Жадаем вам, Сяргей Уладзіміравіч, моцнага здароўя і даўгалецця!

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце