Уладзімір ЖУРАВЕЛЬ: “Калі чалавек усведамляе адказнасць сваёй працы, будзе плён!”

28.01.2014

 

У самым канцы мінулага года футбольны клуб “Дынама-Мінск” зрабіў сваім прыхільнікам навагодні падарунак – абвясціў імя новага трэнера. Выбар “бела-сініх” не на жарт скалыхнуў спартыўную грамадскасць: на пасаду глаўкама запрасілі Ўладзіміра Жураўля, які апошнія чатыры гады ўзначальваў салігорскі “Шахцёр”. Адны футбольныя эксперты здзіўляліся і адкрыта казалі, што не разумеюць падобнага рашэння, іншыя зацікаўлена адзначалі, што гэта па меншай меры смелы крок, які можа даць плён. Меркаванні могуць быць рознымі, але факт застаецца фактам: сезон-2014 “дынамаўцы” сустрэнуць з новым настаўнікам. Карэспандэнт “Алімпійца” пабываў на адной з першых трэніровак “бела-сініх” і задаў некалькі пытанняў новаму глаўкаму  “Дынама”. 

 

Трэніроўка зацягваецца, пасля адпачынку футбалісты не супраць папрацаваць на поле трошкі больш, чым звычайна. Пасля “замінкі” спартсмены пакідаюць пляцоўку, настаўнік праважае сваіх падапечных, а пасля ўзнімаецца на самы верх трыбуны футбольнага манежа. Знешне Уладзімір Іванавіч робіць уражанне спакойнага, разважлівага чалавека, магчыма, занадта сур’ёзнага... Але гэта сур’ёзнасць, хутчэй, –моцная канцэнтрацыя на працы і агульная дысцыплінаванасць. Задаю першае пытанне, і гэтая здагадка адразу пацвярджаецца. 

 

Новы год, Раство...пасля зімовых святаў цяжка вяртацца да працоўнага працэсу?  

— Дык не ўпершыню. Прызвычаіліся ўжо, – здзіўлена вымаўляе Уладзімір Іванавіч. – Святы святамі, а праца ёсць праца. Рыхтаваліся да выхаду з адпачынку, надзённых спраў хапала. У футболе арганізацыйных момантаў заўжды шмат, нягледзячы на выхадныя, вакацыі і святы.

 

—   І як праходзяць першыя трэніроўкі?

—  Хлопцы радуюць. З адпачынку вярнуліся ў выдатным настроі, бачна жаданне працаваць, трэніроўкі – эмацыянальныя, праходзяць на пад’ёме. Пакуль уражанні добрыя.

 

—   Гэта датычыцца і навічкоў?

—  Безумоўна. Абноўлены трэнерскі штаб знаёміцца і з легіянерамі – Дзіямандэ, Бангурам, і з хлопцамі, якія знаходзяцца ў камандзе даўжэй. Галоўнае, што ўсе стараюцца, выконваюць той аб’ём працы, які мы прапаноўваем – ніякіх нараканняў няма.

 

Тое, што “Дынама” – клуб з вялікай гісторыяй і саліднымі традыцыямі, дадае адказнасці ці наадварот усяляе ўпэўненасць?

—  Трэба дакладна раздзяляць паняцці “страх” і “адказнасць”. Адказнасць, якая давіць, - гэта ўжо страх. А ў справах страх не можа быць памочнікам. Безумоўна, вярнуцца ў родны клуб, дзе ты правёў лепшыя годы як гулец, ужо ў якасці трэнера – вялікая адказнасць. І я гэта ўсведамляю і прымаю. А калі чалавек гэта разумее, далей застаецца толькі дзейнічаць, і цяжкая праца абавязкова дасць плён.

 

—   А якія ўспаміны з дзяцінства ў Вас звязаны з дынамаўскай камандай?  

—  Ох, далёкія часы, яшчэ пачатак 1980-х гадоў... Трэніраваўся ў мазырскай дзіцяча-юнацкай школе, у Анатоля Дзергачова. І ў нас, сярод хлопцаў, было дакладнае раздяленне на “дынамаўцаў” і “спартакаўцаў”. Вядома, аўтарытэт “Спартака” сярод аматараў футбола тады быў значна большым. Але нават і у меншасці мы абаранялі гонар любімай каманды: апраналі сіне-белую форму і ўсім казалі: “Мы – за “Дынама”!”            

 

—   Цяпер у “Дынама” самая вялікая фанацкая суполка ў Беларусі...

—Сапраўды так.Важна памятаць, што перш за ўсё камандагуляе ў футбол дзеля сваіх прыхільнікаў, а не дзеля саміх сябе. І менавіта фанаты – самыя строгія суддзі. Многія з іх добра разбіраюцца ў футболе, выдатна арыентуюцца ў сучасных тэндэнцыях, і проста паказваць неблагія вынікі – гэтага ўжо недастаткова. Зараз у балельшчыкаў ёсць магчымасць назіраць за лепшымі клубамі свету, глядзець гульні прэстыжных еўрапейскіх чэмпіянатаў, і, акрамя вынікаў, у іх ёсць вялікае жаданне бачыць прыгожы футбол – змястоўны, з самааддачай, каб было заўважна, што спартсмены абараняюць гонар сваёй каманды ў любых умовах – спрыяльных ці не.  

 

Назіраючы за прынцыповым супрацьстаяннем “Дынама” і “Шахцёра” ў мінулым сезоне, звярталі ўвагу на тое, як змянілася за апошнія часы Ваша цяперашняя каманда?

— Магу толькі сказаць, што пры падрыхтоўцы да матчаў, мы дасканала вывучаем усе беларускія каманды. “Дынама” – адна з тых дружын, якая магла гуляць з “гарнякамі” з пазіцыі сілы. Гэта моцная каманда, якая патрабуе да сябе павагі. І мы заўсёды ўлічвалі гэта пры падрыхтоўцы.

 

— Пераезд з Салігорска ў Мінск, напэўна, дазволіў Вам больш часу праводзіць з сям’ёй?

— Чамусьці існуе такое меркаванне, што, калі ты дома, то абавязкова побач з сям’ёй. Трэнерская праца – няпростая... Калі ты хочаш чагосьці дасягнуць, трэба ўмець чымсьці ахвяраваць. Ідэальных умоў ніколі не было і не будзе. У мяне няма такога стаўлення, маўляў, я – дома, а праца пад бокам і нікуды не ўцячэ. Паверце, тое, што я зараз у Мінску, у гэтым няма нейкага вялікага бонуса. Ёсць свае плюсы і мінусы...як заўсёды.

 

—   Застаецца час на выхаванне дзяцей?

— Шчыра кажучы, не так шмат, як хацелася б. У мяне сын і дачка. Сын ужо дарослы, самастойны чалавек. А вось дачцэ толькі шэсць гадоў. Залаты ўзрост... Цікава назіраць, як маленькі чалавечык расце, сталее. Безумоўна, стараюся праводзіць з ёй час, удзельнічаю амаль што ва ўсіх гульнях – разам малюем, штосьці лепім. Усё, што цікава ёй, цікава і мне. Хутка ў школу, вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца адвесці дачку ў першы клас.

 

—   Ведаю, што Вы любіце рыбачыць...

— Так. Цудоўнае хобі! Але зноў-такі не заўсёды хапае часу. За мінулы год, напэўна, два разы толькі выбіраўся. Для мяне гэта выдатны спосаб баўлення часу, калі можна пасідзець, у цішыні і спакоі, падумаць, паразважаць. Сам улоў не так важны. Хаця і тут ёсць пэўны спартыўны інтарэс. Але на першы план усё ж такі выходзіць менавіта магчымасць пабыць адзін на адзін з сабой і прыродай.

 

—   Напэўна, настальгіруеце... Ці Вы прывыклі жыць гледзячы толькі ў будучыню?

— Пра гэта ёсць выдатны выраз: нельга жыць без мінулага, але і ў мінулым жыць нельга. Той, хто затрымаўся ва ўчорашнім дні, рызыкуе застацца там назаўсёды. Разам з тым тое, што прайшло, нельга забываць. Бо гэта і важныя ўспаміны, і жыццёвы досвед – карацей, усё тое, што робіць нас асобамі. Але жыць ўсё ж такі трэба дзеля будучыні.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Газ. «Звязда», 28.01.2014, №15 (27625)      

Комментарии

Для того, чтобы оставить комментарий, необходимо авторизоваться на сайте