Вук Рашавіч: У Разградзе лёгка ня будзе

15.07.2015

Інтэрв'ю галоўнага трэнера ФК "Дынама-Мінск" Вука Рашавіча газеце "Прэсбол". Серада 15 ліпеня, №106 (3672).

Аўтар: Аляксандр Дабрыян

 
 
 
Вук Рашавіч: у Разградзе лёгка ня будзе


- Галкіпер Аляксандр Чанавіч, які грае за «Чорнае Мора», у інтэрв'ю нашай газеце прызнаў, што «Дынама» - бясспрэчны фаварыт матчу. Пагадзіцеся з ім?
- Можна сказаць і так. Але калі мы фаварыты, дык сваю перавагу абавязаны давесьці на полі. Павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб прайсці ў наступны раўнд.

- Недаацэнкі суперніка не можа быць?
- Не. Гэта сур'ёзная каманда. Мы ведаем, што ў іх пяць моцных легіянераў. «Чорнае Мора» выйграла Кубак краіны ў драматычным фінале супраць магутнага «Леўскі», прычым значны час меўшы на аднаго футбаліста менш. Хай балгары кажуць, што фаварыты мы. Выдатна разумею, што падобныя размовы як раз і разлічаны на тое, каб іх не даацанілі. Аднак мы добра ведаем, хто наш супернік.

- Гульня пройдзе фактычна на нейтральным полі. Гэта вам на руку?
- Не думаю, што ад гэтага многае атрымаем. Поле аднолькавых памераў і ў Варне, і ў Разградзе. Адлегласць паміж гарадамі не такая ўжо і вялікая - упэўнены, заўзятараў «Чорнага Мора» збярэцца нямала. А заўзеюць яны апантана. Лёгка нам дакладна не будзе.

- Пасля паразы ў Брэсце «Дынама» выйграла пяць матчаў запар з выдатнай розніцай мячоў - 11:2. Аплявуха ад берасцейцаў добра ўзбадзёрыла каманду?
- У той сустрэчы ў нас было досыць шанцаў забіць і выйграць. Але не выкарысталі моманты, ды яшчэ і прапусцілі. Так бывае ў футболе - не заўсёды перамагае патэнцыйна больш моцны клуб. Ніхто не можа загадзя быць упэўнены, што стоадсоткава возьме тры пункты. І гэтая непрадказальнасць робіць гульню яшчэ больш цікавай для заўзятараў.

- Вашы балгарскія калегі таксама ж рыхтуюцца, і, убачыўшы, што з 11 мячоў 7 забіла парачка Адамавіч - Бечырай, зразумеюць, каго ў першую чаргу варта нейтралізаваць.
- Так атрымліваецца, што менавіта гэтыя хлопцы забіваюць больш за ўсіх. Старанна працуюць на трэніроўках, таму многае атрымліваецца ў гульнях. Рады за іх. Але, думаю, хутка сярод аўтараў дынамаўскіх галоў з'явяцца і іншыя прозвішчы.

- Супраць «Нёмана» не гуляў Паліцевіч - у капітана сур'ёзнае пашкоджанне?
- Не, мікратраўма. Проста вырашылі не рызыкаваць, захаваць яго да гульні з балгарамі.

- Днямі кантракты падпісалі Някша і Карыцька - вы на іх разлічваеце у першым матчы? Бо так імкліва інтэгравацца ў гульнявы стыль новай каманды немагчыма.
- У нас хапае футбалістаў, з якімі цесна працуем два з паловай месяцы. Натуральна, асноўная нагрузка ляжа на іх плечы. Але пастараемся, каб і навабранцы ўнеслі свой унёсак - для гэтага ім трэба хутчэй адаптавацца. Някша ўжо месяц працуе з камандай, уліўся ў калектыў, дэбютаваў у матчы з «Нёманам». Мяркую, у яго будзе магчымасць праявіць сябе ў Разградзе.

 

- У нядаўнім інтэрв'ю «Прэсболу» вы адзначалі, што хочаце ўзмацніць дзве пазіцыі - нападніка і «пад нападаючым». Аднак сярод навабранцаў такіх няма.
- Карыцька нямала гуляў «пад нападаючым» - яму гэтая пазіцыя знаёмая. Спадзяемся, што ўсё ж такі знойдзем моцнага форварда. Але выбар павінен быць правільным: каб гулец ўзмацніў каманду і адразу заняў месца ў аснове.

- У «Дынама» спрабаваўся Скавыш - чаму не падышоў?
- Максім добра папрацаваў з намі, аднак фізічна не гатовы. У нас жа не было часу падцягнуць яго кандыцыі. Патрэбны добра падрыхтаваныя футбалісты.

- Ведаю, вы запрашаеце ў «Дынама» Рамана Бегунова з «Мінска». Чым ён вам спадабаўся?
- Малады хлопец, тры гады гуляе ў беларускай лізе, правёў шмат матчаў, пастаянна выходзіць у стартавым складзе. Універсал. Можа згуляць як у абароне, так і ў сярэдзіне поля. У яго добры патэнцыял. Я люблю гульцоў, якія могуць закрыць дзве, а то і тры пазіцыі.

- У Бангуры пры канцы сезона скончваецца тэрмін кантракту - ён вызначыўся, ці працягне супрацоўніцтва з «Дынама»?
- Пытанне пакуль адкрытае. Умару - сур'ёзны хлопец, якасна выконвае сваю працу, набраў добрую форму. Вядзем з ім перамовы, спадзяюся, дамовімся.

- З брамавай пазіцыяй усё вядома - Гутар?
- Так. Аляксандр выглядае надзейна, дадае. Але хачу сказаць, што Ігнатовіч таксама добрасумленна трэніруецца і заўсёды гатовы падмяніць Гутара. Сяргей абавязкова атрымае шанец у афіцыйнай гульні.

- Вы засмучаныя, што каманду пакінуў Нікаліч?
- У нас не было з ім канфлікту. Проста ён вырашыў сысці. Зараз Нікаліч гулец БАТЭ - усё, гэтая старонка перагорнутая. Не хачу больш кранацца гэтай тэмы.

- У ліпені дынамаўцы выглядаюць выдатна, увесь час перамагаюць. Ці можна сказаць, што цяпер каманда дэманструе свой лепшы футбол?
- Прагрэс відавочны: футбалісты выразна засвоілі, што варта рабіць на полі, калі атакуюць або абараняюцца. Атрымліваецца ўсё лепш. Аднак не магу сказаць, што цяперашні перыяд самы лепшы. Спадзяюся, будзем яшчэ дадаваць. Пакуль падводзіць вынікі рана. Так, цяпер усё ідзе добра, але разнявольвацца ні ў якім разе нельга. Наперадзе шмат важных гульняў.

- Між паядынкамі з «Чорным Морам» праслойкай стане кубкавая сустрэча са «Смалявічамі». Ёсць магчымасць згуляць не наймацнейшым складам, даць перадышку лідэрам?
- Гэта нядрэнна. У нас дваццаць футбалістаў, і кожнага намагаемся выкарыстоўваць. Казаць, што станем гуляць у Кубку рэзервістамі, не стаў бы. Магчыма, дадзім адпачыць каму-небудзь з тых, на каго ляжа вялікая нагрузка ў Разградзе. Хто мала будзе задзейнічаны, абавязкова згуляе. Ім жа таксама трэба праявіць сябе, давесьці, што вартыя гуляць у аснове.

- Напярэдадні старту ў Лізе Еўропы не адчуваеце павышанага хвалявання?
- Стан працоўны. Да кожнага матчу - таварыскага або афіцыйнага - трэба рыхтавацца выключна сур'ёзна. Наша жыццё - ад матчу да матчу. Я заўсёды настроены пазітыўна. Гэтак жа рыхтуем і каманду. Дасканала ўлічваем кожны нюанс, які можа стварыць для нас праблему. Хлопцы павінны дакладна ведаць, як гуляе супернік, які рух адбываецца на кожнай пазіцыі, нельга ўпусціць ніякую дробязь. Не люблю абяцаць, што абавязкова выйграем. Але ў тым, што прыкладзем для гэтага ўсе сілы, не сумнявайцеся. Адчуваецца, што футбалісты на полі сталі пачувацца нашмат больш камфортна, на трэніроўках часам атрымліваецца проста супер. Але ж заўзятары гэтага не бачаць. Таму самае галоўнае - паказаць усё, што напрацавана, у гульні. Трэба вельмі пастарацца, каб матч атрымаўся відовішчным і паспяховым для «Дынама».

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах