Тры балы ў скарбонцы.

15.09.2019

Дынамаўцы перамагаюць "Слуцк".

 

 

 

 

 

Лік на табло, і сёння ён пераможны, - гэта галоўнае. Так, матч супраць «Слуцка» атрымаўся не такім простым, як хацелася б многім, сёння прыйшлося ўдосталь папрацаваць для таго, каб здабыць гэтыя важныя тры балы. Тым не меньш, хлопцы справіліся, і мы рухаемся далей.

Сяргей Гурэнка не стаў рабіць кардынальных змен у параўнанні з тым складам, які каваў перамогу ў Гародні, дзе дынамаўцы выглядалі больш чым пераканаўча - толькі адна замена здарылася: Вяргейчык выйшаў у «старце» замест Біланога.

Даволі няпроста складваўся першы тайм, не вельмі добра працавалі флангі, на якія рабіў стаўку трэнерскі штаб напярэдадні гульні. Небяспечных момантаў за першыя 45 хвілін было зусім няшмат. Але цалкам справядліва перад самым перапынкам гасцёвая каманда павінна была застацца ў меньшасці: Губанаў на 6-й хвіліне атрымаў свой першы «гарчычнік», а на 45-й хвіліне відавочна штурхнуў у спіну Данілу - рэакцыі ад брыгады арбітраў не было зусім ніякай ...

Пасля перапынку на полі з'явіўся Біланог, які замяніў Вяргейчыка. Дзіма уварваўся ў гульню даволі нядрэнна і праз некалькі хвілін павінен быў адкрываць лік, але выдатна ў эпізодзе згуляў галкіпер «Слуцка». А крыху пазней яшчэ адзін момант не здолеў рэалізаваць Іваноў, не трапіў у браму з выгоднай пазіцыі. Так, у другім тайме дынамаўцы забегалі значна больш актыўна і былі за гэта ўзнагароджаны - Даніла адгукнуўся на перадачу «Філа» і дакладна праьіў у браму случчакоў. Праўда, не доўга музыка грала - праз чатыры хвіліны Бураеў лік зраўняў. Тым не меньш, мінчукі здолелі даціснуць суперніка: на 73-й хвіліне Ятчанка зарабіў пенальці, а Даніла аформіў дубль.

Маглі дынамаўцы павялічыць лік у канцоўцы сустрэчы, але больш як два мячы забіць у браму «Слуцка» сёння ў каманды не атрымалася. Але ж самае галоўнае - гэта тры балы, якія былі здабытыя сёння. Глядзім наперад, а далей у нас выязны паядынак супраць «Гомеля», які адбудзецца роўна праз тыдзень. Чакаем усіх нашых на берагах Сожу, да сустрэчы!

 

Тэгі: Сезон-2019

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах