Дынама выйграе ў Гарадзеі

15.04.2018

Мінскае «Дынама» выйграе ў першым выязным матчы сезону

 

 

 

 

«Гарадзея» у родных сценах - гэта заўсёды моцны арэшак і няўступлівым супернік. Для мінскага «Дынама» дык дакладна. Ні ў адным папярэднім матчы ў Гарадзеі (а іх было згуляна тры, уключаючы кубкавую гульню) «Дынама» не тое што не выйгравала ў асноўны час, але і зусім не забівала з гульні!

Рана ці позна ўсякая серыя, нават самая прыемная ці непрыемная, сканчаецца. І «Дынама» не стала адкладаць «на потым» вырашэнне пытання аб галах і перамогах у Гарадзеі, а з першых хвілін узяло гульню пад свой кантроль, цалкам валодаючы гульнявой і тэрытарыяльнай перавагай. Гаспадары, як маглі, спрабавалі пагасіць наступальны парыў бела-блакітных, але атрымлівалася дрэнна. «Дынама» настойліва шукала шляхі да брамы гаспадароў, і на 25-й хвіліне Арцём Салавей скарыстаўся перадачай Макася і не марудзячы прабіў у блізкі кут - 1:0!

У звычайна няўступлівых гаспадароў у гэты раз у нападзе не атрымлівалася нічога. Ствараючы часам некаторае напружанне каля брамы Горбунова, гаспадары так і не стварылі ніводнага па-сапраўднаму галявога моманту.

А вось госці на зыходзе матчу свой другі гол забілі. Прычым атрымаўся ён на заглядзенне і, напэўна, будзе прызнаны спецыялістамі не толькі голам тура, але і цалкам можа паквапіцца на лаўры гола месяца. Бо мяч, забіты Уладзімірам Хвашчынскім з перадачы Ураша Нікаліча, быў па-сапраўднаму прыгожы. Увайшоўшы ў штрафную пляцоўку гаспадароў пад даволі вострым вуглом, Хвашчынскі не стаў збліжацца з брамнікам, а што ёсць моц ад кута штрафной бабахнуў у блізкую «дзявятку». Мікалай Раманюк ці то не чакаў, што ўдар атрымаецца такім моцным і дакладным, ці то наогул не чакаў, што Хвашчынскі вырашыцца на ўдар, а толькі нічога супрацьпаставіць напору нашага нападніка ён не змог.

У выніку «Дынама» атрымлівае першую ў сезоне выязную вікторыю і пасля трох тураў набірае 7 балаў, а Ураш Нікаліч з трыма асістэнцкіх баламі ўзначальвае рэестр найлепшых асістэнтаў чэмпіянату пасля трох тураў. Так трымаць!

Наступны матч «Дынама» правядзе ў бліжэйшую суботу на стадыёне ФК «Мінск» у Мінску. Супернік - ФК «Гомель».

Запрашаем усіх заўзятараў на матч! Квіткі ўжо ў продажы!

 

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах