На перапынак у чэмпіянаце - з добрым настроем!

09.11.2018

«Дынама» выйграе ў заключным дамашнім матчы сезону і падымаецца на другое месца ў турнірнай табліцы.

 

 

 

 

 

Яшчэ да пачатку матчу немалое здзіўленне ў нешматлікай, у гэты вечар, прэсы, выклікаў беглы агляд стартавага пратаколу. З-за траўмаў і рознага роду пашкоджанняў склады каманд выклікалі калі не здзіўленне, то некаторыя пытанні ў прадстаўнікоў СМІ. Якія яны і задалі трэнерам на пасляматчавай прэс-канферэнцыі. У «Слуцка» футбалістаў не набралася нават на паўнаартасную заяўку - у пратаколе было ўнесена шаснаццаць, з належных васямнаццаці, гульцоў.

«Дынама» адчувала не меньш праблем са складам, але дапамагла куды больш доўгая лаўка. Як бы там ні было, футбалісты, якіх Сяргей Гурэнка адправіў у стартавы склад, пачалі аказваць ціск на браму гасцей з самых першых хвілін. І ўжо на восьмай хвіліне Іваноў, адгукнуўшыся на перадачу Корзуна, адкрыў лік, хаця мог гэта зрабіць і хвілінай раней, ды перашкодзілі абаронцы.

«Дынама» не аслабляла ціск на браму случчакоў ні на хвіліну. Адзін Арцём Салавей толькі ў першым тайме мог даводзіць лік да буйнога, але або на шляху мяча паўставаў злавіўшы кураж галкіпер гасцей Барыс Панкратаў, або мяч ляцеў куды заўгодна, толькі не ў браму.

І не сказаць, што гаротны «Слуцк» (пацярпелы сёння сёмую запар паразу) нічога не мог супрацьпаставіць гаспадарам. Старанныя госці спрабавалі атрымаць максімум з стандартных палажэнняў. Нешматлікія штрафныя ўдары, але ледзь не кожны, утойвалі ў сабе пагрозу. Але мяч пасля ўдару Шыкаўкі стукнуўся аб крыжавіну брамы Горбунова, а пасля магутнага ўдара Хотава патрапіў дакладна ў рукі нашаму брамніку ...


Другі тайм не змяніў расстаноўку сіл на полі: «Дынама» працягвала аказваць ціск на браму гасцей, нібы і не было таго перапынку. Першую ж падачу з кутняга замыкаў галавой Галавіч - штанга!

«Дынама» і так і гэтак імкнулася наблізіцца да брамы Панкратава, але аднойчы прапусціла контратаку, у выніку якой Жук вырваўся тэт-а-тэт з Гарубновым. Балазе дзевятнаццаты нумар гасцей прабіў вышэй, і брамніка і брамы. Але «Слуцк» і не думаў складаць зброю.

Усе пытанні ў матчы за дзве хвіліны да яго заканчэння зняў Макась, які выйшаў на замену хвілінамі раней. Прычым, у дадзеным эпізодзе, самых добрых слоў заслугоўвае аўтар галявы перадачы - Аляксей Гаўрылавіч. Эфектным ударам праз сябе ён не даў мячу пакінуць штрафную плошчу. Макасю толькі і заставалася - галавой падкарэктаваць палёт мяча ў браму. Панкратаў, які сёння не раз і не два дапамагаў камандзе, гэтым разам быў бяссільны, а Макась памчаўся ў абдымкі партнёраў - гол!

«Дынама» перамагае, падымаецца ў турнірнай табліцы на другое месца і з добрым настроем сыходзіць на двухтыднёвую паўзу ў чэмпіянаце.


 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах