Дынама - ФК Мінск - 1:0. Гуляць да канца!

01.06.2018

«Дынама» праяўляе характар і волю да перамогі, забіўшы вырашальны гол на 90-й хвіліне!

 

 

 

 

У першы дзень лета на стадыёне «Трактар» сабралася даволі вялікая аўдыторыя. Нагодай таму быў у тым ліку і Міжнародны дзень абароны дзяцей. Мінскае «Дынама» прымеркавала да гэтага свята акцыю: усе дзеці да 16 гадоў праходзілі на матч бясплатна.

У выніку юных гледачоў на трыбунах сабралася прыкладна палова, ад амаль трох тысяч заўзятараў. І ўжо ў самым дэбюце матчу яны ўсё ледзь не сталі сведкамі гола ў браму Андрэя Гарбунова. Але, як гэта заўсёды бывае ў гульнях, асабліва дзіцячых: «ледзь» - не лічыцца! Дзмітры Анцілеўскі, напэўна, не паверыў свайму шчасцю, калі прыняўшы флангавую перадачу ў штрафной «Дынама» адчуў, што знаходзіцца ў выдатнай пазіцыі каб адкрыць лік. Але, відаць, разгубіўся ... ішла трэцяя хвіліна матчу.

Адказ дынамаўцаў не прымусіў сябе доўга чакаць, і праз тры хвіліны Хвашчынскі мог забіваць пасля падачы кутняга, але прабіў галавой вышэй брамы. Як спачатку здалося з трыбун - не без дапамогі гасцей, падштурхнулі нашага форварда ў спіну. Але свісток арбітра прамаўчаў, і гульня працягнулася.

«Дынама» даволі хутка прыбрала ініцыятыву да сваіх ног, мела адчувальную тэрытарыяльную перавагу, метадычна расхіствала абарону гасцей. Але вось галы ў першым тайме гледачы так і не ўбачылі.



Другую палову сустрэчы гаспадары пачалі з месца - у кар'ер! Спачатку Хвашчынскі не паспеў да мяча пасля падоўжнай перадачы з цэнтральнай зоны - кінуўшыйся насустрач Верамко паспеў выбіць мяч з-пад ног нападніка.

А потым і Антон Сарока гэтак жа апынуўся сам-насам з галкіперам гасцей, але не здолеў перайграць брамніка ў блізкім бою - прабіў дакладна ў яго.

«Дынама» працягвала ісці наперад, але ў нейкі момант атакі бела-блакітных страцілі сваю вастрыню. Затое госці правялі некалькі добрых контрвыпадаў ды такіх, што папрацаваць давялося ўжо Горбунову, які мінімум двойчы выратаваў партнёраў і пакінуў браму ў недатыкальнасці.

Здавалася, матч так і скончыцца нулявой нічыёй, ва ўсякім выпадку, гульцы гасцей былі б ёй вельмі рады. Бо пры кожным зручным выпадку «гараджане» не саромеліся цягнуць час, падоўгу ўводзячы мяч ад брамы, з аўта ... Арбітр, чамусьці, на ўсе гэтыя дзівацтвы ўвагі не звяртаў і папярэджанняў за зацяжку часу не выносіў. Хоць адзін толькі Верамко па сукупнасці найграў не на адзін такі «гарчычнік».

Але «Дынама» усё роўна выйграла, у які ўжо раз у гэтым сезоне праявіўшы характар ​​і згуляўшы да канца. Ішла 90-ая хвіліна, калі Наёк далёка ўкінуў мяч з аўту, Іваноў галавой пракінуў мяч далей, а Быкаў, які ўварваўся за спіну абаронцу дакладна прабіў галавой - 1:0!

Не адно горла было сарвана ў гэты момант на трыбунах зычным крыкам шчасця «гооооооооооол»! Ужо ў каторы раз у гэтым сезоне «Дынама» здабывае перамогу на самым фінішы матчу!



Пасля гэтага тура ў чэмпіянаце надыходзіць двухтыднёвая паўза, выкліканая матчамі нацыянальнай і моладзёжных зборных. «Дынама» ж свой наступны матч правядзе толькі 13 чэрвеня ў Брэсце.

Пачакаем.

 

 

Відэаагляд гульні

Фотагалерэя матчу
 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце