Новы сезон - новая форма.

19.03.2020

Мы рады прапанаваць вашай увазе новую форму ФК «Дынама-Мінск» на сезон 2020.

 

 

 

 

 

У гэтым годзе тэхнічным партнёрам нашага клуба стала нямецкая кампанія «Sport-Saller». Дынамаўцы ўжо супрацоўнічалі з гэтай кампаніяй на працягу доўгіх дзевяці гадоў (2006-2015). На гэты раз нашы нямецкія сябры не проста аказалі дапамогу ў экіпіроўцы асноўнага і дублюючага складаў, а таксама ўсіх выхаванцаў нашай акадэміі. Упершыню ў гісторыі мінскага «Дынама» асноўная каманда будзе гуляць у форме з эксклюзіўным дызайнам!

 

 

Футбольны стадыён - гэта месца канцэнтрацыі неверагоднай колькасці энергіі. Энергіі матчу, гульцоў і галоўнае - заўзятараў, чыя падтрымка адчуваецца на стадыёне мацней за ўсё. А хто можа быць найлепш у гэтым, чым заўзятары нашай каманды? Іх вера і эмоцыі вядомыя далёка за межамі сталіцы, а гонар за родны клуб ніколі не згасае. Менавіта таму энергія «Дынама-Мінск» стала асноўным пасылам, які знайшоў адлюстраванне ў дызайне новай экіпіроўкі, а таксама ва ўсёй візуальнай канцэпцыі, распрацаванай адмыслова да сезону 2020.

 

 

Форма ў новым сезоне выканана ў традыцыйных бела-блакітных колерах. Ад лагатыпа разыходзіцца нібыта энергетычнае поле, якое сімвалізуе энергію заўзятараў, гульцоў, супрацоўнікаў, ветэранаў клуба, - усіх, для каго знак «Д» на грудзях больш, чым літара. Гэта гісторыя, гэта вернасць, гэта - само жыццё.

 

 

Ужо ў першым туры заўзятары пабачуць каманду ў новай экіпіроўцы на хатнім матчы супраць берасцейкага «Руха». Дык няхай жа гэтая энергія стане сімвалам нашых мінулых перамог, цяперашніх імкненняў і будучых поспехаў. Наперад у сезон, сябры!

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах