Першы круг завершаны

07.07.2018

«Дынама» перамогай завяршае першы круг

 

 

 

 

Сёння ў Мінск вярнуўся матч, які ў былыя часы, бясспрэчна, лічыўся галоўным дэрбі сталіцы. Матчы мінскіх «Дынама» і «Тарпеда» заўсёды збіралі вялікую аўдыторыю заўзятараў, праходзілі ў атмасферы сапраўдных «класіка», і каманды, як той казаў, «секліся ад нажа». Сягоння ж часы іншыя. «Тарпеда» пасля вяртання ў вышэйшую лігу ніяк не можа падняцца з турнірных нізін. «Дынама», з поўным лазарэт гульцоў, вырашае дыяметральна супрацьлеглыя задачы - працягвае змагацца за залатыя медалі.

 

 

Напярэдадні еўракубкавага старту ў бел-блакітных застаўся адзін незапоўнены радок у стартавым пратаколе, а на лаўцы запасных засталіся футбалісты, якія на працягу першага круга з'яўляліся гульцамі стартавага складу: Галавіч, Яхая, Бегуноў, Хвашчынскі і, нарэшце, Нікаліч, які аднавіўся пасля траўмы. Як адзначыў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі Сяргей Гурэнка, камусьці ён даў адпачыць, кагосьці, як Галавіча, захаваў пасля мікратраўмы.

 

 

Пачатак матчу пагоршыў кадравае становішча бела-блакітных: у бяскрыўднай сітуацыі атрымаў пашкоджанне Гарбуноў, і ўжо на 14-й хвіліне з рэзерву быў узняты Ігнатовіч.

 

 

«Дынама» ўвесь матч валодала ініцыятывай, больш атакавала ... Але бываюць і такія гульні, як сёння - не самыя змястоўныя, скупыя на галявыя моманты. У якіх перамогі дастаюцца цяжка. У які ўжо раз, бела-блакітным для перамогі хапіла аднаго забітага гала - ён на рахунку Уладзіміра Хвашчынскага, які выйшаў на замену ў другім тайме.

 

 

Пасля гэтай перамогі «Дынама» з 34-мя баламі ў турнірнай табліцы завяршае першы круг чэмпіянату на другім месцы, у чатырох балах ад лідэра. У мінулым сезоне на гэтым жа адрэзку у «Дынама» было на тры балы менш, а да першага месца не хапала пяць балаў.

 

 

Зрэшты, да чаго гэтыя развагі зараз, калі ўсіх цікавіць, што будзе ў табліцы пасля 30-га тура? А наступны матч «Дынама» правядзе ўжо зусім хутка. У бліжэйшы чацвер наша каманда згуляе ў паўночнаірландскім Деры выязны матч першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы УЕФА. Пачынаецца новы сезон еўраатбору

 

Тэгі: Сезон-2018

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах