Гомель - Динамо - 0:2. Уверенная победа на выезде

18.10.2014

Мінскае "Дынама" ўпэўнена перамагае ў Гомелі, у матчы 27 тура.

 

 

 

 

 

Казаць пра важнасць справаздачнага матчу што для «Дынама», што для «Гомеля» - не даводзіцца. На другім этапе «Гомель» яшчэ не выйграваў, і, цалкам дакладна, мірыцца з гэтым не збіраўся.

 

«Дынама» працягвае ўдзельнічаць у чэмпіёнскай гонцы. Зыходзячы з гэтага ўсякая страта пунктаў для бела-блакітных вельмі непажаданая - часу на выпраўленне сітуацыі папросту няма. БАТЭ, з буйным лікам абыграў у 27 туры салігорскі "Шахцёр" на выездзе 4:1, адарваўшыся ад мінчукоў на 6 пунктаў. 

 

Ну і нельга не згадаць «фактар Фігерэда» і сяміматчавую пераможную серыю «Дынама» ў матчах з бел-зялёнымі. І ва ўсіх сямі матчах галы забіваў дынамаўскі ўругваец.

 

 

Пачатак матчу застаўся за гасцямі: мінчукі больш валодалі мячом, шмат камбінавалі, шукалі, як той казаў, шчасця ў чужойбрамы. Хвацкі шанец меў Алег Вераціла, але яго ўдар пасля прастрэлу Карповіча, прыйшоўся вышэй за браму. Адамавіч біў здалёк - Клімовіч даў рады.

 

У нейкі момант гульня перайшла на палову поля мінчукоў, але ніякай выгады з трох запар кутніх падапечныя Уладзіміра Гольмака атрымаць не здолелі.

 

Адказ «Дынама» на 20-й хвіліне атрымаўся накаўтуючы! Калі з прыстрэлу Стасевіча метраў з 30 Клімовіч даў рады, дык калі Франк Джа Джэджэ, пасля перадачы Верацілы, біў галавой у ніжні кут, дык тут ужо гомельскі брамнік быў бяссільны!

 


Праз 10 хвілін Фігерэда быў блізкі да таго, каб у восьмы раз запар трапіць у браму «Гомеля» - але штанга і Клімовіч настроўся супраць двух запар удараў Эрнана. Далей - больш: мудрагелісты розыгрыш штрафнога прывёў да таго, што Алег Вераціла апынуўся сам-насам з Клімовічам - але прабіў проста ў брамніка.

 

Да зыходу паўгадзіны гульні ў актыве «Дынама» было сем удараў у створ брамы гамяльчан і кожны (!) з іх, безумоўна, мог стаць галявым! Для перамогі ў кубкавым матчы з «Дняпром», нагадаем, хапіла аднаго ўдару ў створ.

 

Джэджэ, Стасевіч, Фігерэда, Нікаліч - раз за разам наганялі страх і жах на заўзятараў «Гомеля»: у «Дынама» атрымлівалася ўсё, у "Гомеля" - нічога. Гаспадары, якія ў папярэднім хатнім матчыдалі сапраўдны бой БАТЭ, не былі падобныя на саміх сябе. Або госці не дазвалялі ім гуляць у свой футбол?


На зыходзе першага тайму Блізнюк злаўчыўся і прыгожа прабіў пад перакладзіну - Ігнатовіч перавёў мяч на кутні. Сем кутніх падаў «Гомель» у першым тайме, але не атрымаў ніякай для сябе выгады.

 

Не забіваеш ты - забіваюць табе! Другі тайм павінен быў адказаць на пытанне: ці здолеюць мінчукі перавесці колькасць галявых момантаў у прымальную для сябе якасць, ці ж гамельчукі знойдуць у сабе сілы схіліць шалі на сваю карысць!

 

Першыя хвіліны другой паловы матчу прымусілі схапіцца за галовы прыхільнікаў каманд. Спачатку Джэджэ з кута брамніцкай без перашкод біў галавой - трапіў прама ў Клімовіча. Праз хвіліну геройстваваў ужо Ігнатовіч, ліквідаваўшы пагрозу пасля ўдару Сітко. Тэмп гульні некалькі ўзрос, але сама гульня стала роўнай. «Дынама» працягвала гуляць першым нумарам, гаспадары ж імкнуліся шукаць свае контраргументы. І знаходзілі. Гаўрылавіч біў пасля сольнага праходу - Ігнатовіч перавёў мяч на кутні. Чалідзэ з метра замыкаў прастрэл з правага флангу, і быць бы бядзе, калі б не Алег Вераціла, які перашкодзіў грузінскаму легіянеру нанесці трапны ўдар.

 

Час раставаў, бачная перавага «Дынама» па гульні працягвала заставацца хісткай па ліку - адзін дакладны ўдар гамельчукоў мог прывесці матч у нічыйную гавань. А за 6 хвілін да сканчэння асноўнага часу матчу «Дынама» зняло ўсе пытанні аб пераможцы ў гэтым матчы: Алег Вераціла, пасля перадачы Мікіты Корзуна, забіў другі гол!



Наступную гульню бела-блакітныя правядуць ў чацвер, 23 кастрычніка, на «Барысаў-Арэне». У групавым этапе Лігі Еўропы супернікам «Дынама» будзе французскі «Генгам».

 

Нам патрэбна ваша падтрымка! 
#всевборисов!


 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах