Пасляслоўе Сяргею і Ігару

17.12.2015

Вынікі выступлення футбалістаў у Дынама.

 

 

 

 

 

 

 

У сярэдзіне снежня скончыліся тэрміны кантрактаў Ігара Варанкова і Сяргея Канцавога. Футбалісты пакінулі клуб. Але і мы, і заўзятары, хочам яшчэ раз падзякаваць хлопцам за гады выступлення ў шэрагах «Дынама» і прыгадаць асноўныя моманты іх «дынамаўскай» біяграфіі.  

Ігар і Сяргей яшчэ ў мінулым годзе сталі добрымі сябрамі. На зборах, на базе - Канцавы і Варанкоў былі заўсёды разам. Пакуль моладзь забаўлялася гульнёй у карты, альбо ў playstation - «Гары» і «Канц» аддавалі перавагу чытанню кніг. На трэніроўках хлопцы заўсёды паводзілі сябе строга і ўпэўнена, як і належыць дасведчаным футбалістам. І менавіта сваёй працавітасцю яны заслужылі павагу ў заўзятараў.

Высокая канкурэнцыя ў «Дынама» нікому не гарантуе месца ў складзе. Але хлопцы моўчкі і ўпарта працавалі над сабой, даводзілі, што яны таксама годныя месца ў стартавым складзе.

Цяпер ужо мала хто з заўзятараў памятае, калі насцярожана прыхільнікі «Дынама» ўспрынялі з'яўленне Варанкова ў складзе нашага клуба. Сумненні выказваліся не шэптам, а ўголас. І мала хто звяртаў увагу на словы Сяргея Паўлюковіча аб тым, што менавіта такога байца, як Ігар Варанкоў, не хапала камандзе. І «Гары» сваёй гульнёй вельмі хутка пераканаў скептыкаў адносна заслужанага кантракту з «Дынама», правёўшы ў першым жа сезоне за наш клуб 32 матчы - годны паказчык. У першым жа сваім матчы за «Дынама» Варанкоў забіў свой адзіны мяч у дынамаўскай кар'еры, які апынуўся, да таго ж, яшчэ і пераможным ў тым матчы. Нядрэнны дэбют!

Сезон-2015 Варанкоў пачаў не так удала, усё складвалася значна больш складана: Ігар адыграў у першым кубкавым матчы супраць "Віцебска", пасля чаго яшчэ двойчы выходзіў на замену ў матчах паўфіналаў супраць БАТЭ. У чэмпіянаце краіны Варанкоў ўпершыню з'явіўся на полі толькі ў 10-м туры, а ў асноўным складзе - у 12-м. Затое яго першае з'яўленне запомніцца надоўга. Галявая камбінацыя з удзелам Варанкова і Бечырая выйшла проста выдатная: 2 перадачы пяткай за пару секунд - ці часта такое ўбачыш у нашым футболе?

У сезоне 2015 Ігар адыграў у 27 матчах за аснову і зрабіў 2 галявыя перадачы (без уліку матчаў дублю). Таксама мы ўсе выдатна памятаем, што менавіта Варанкоў паспрыяў другому ўзяццю брамы ў хатнім матчы супраць Зальцбургу. Каб ён трапіў у штангу - не было б такой упэўненай перавагі ў нас.

Сяргей Канцавы - вельмі важкая фігура ў складзе нашага клуба. І гаворка менавіта пра асобу Канцавога. Строгі, цвёрды, які ніколі не пасаромецца «напхаць» на поле свайму партнёру. Сяргей быў лідэрам і нездарма капітанскую павязку давяралі менавіта яму.

Да прыходу Цігарава, Канцавы быў адзіным футбалістам у складзе «Дынама», які ўжо з'яўляўся гульцом нашага клуба ў чэмпіёнскім 2004 годзе. Праўда, у тым годзе Сяргей выступаў за дубль. Праўда, аднойчы сітуацыя ў камандзе прымусіла паставіць Канцавога ў аснову - у хатнім матчы за Кубак Інтэртота супраць «Сартыду».

У 2005 годзе, у матчы 16-га тура супраць мінскага «Лакаматыва» Сяргей Канцавы ўпершыню з'явіўся ў складзе «Дынама» ў матчах чэмпіянату краіны, замяніўшы ў канцы матчу Ігара Ражкова. Да канца сезона Сяргей яшчэ двойчы выходзіў на замену. А паўнавартасны дэбют у асноўным складзе ў матчах чэмпіянату краіны адбыўся ў выязным, пераможным матчы 4-га тура чэмпіянату 2006 супраць гарадзенскага «Нёмана».

Але ўжо ў 2007 годзе Сяргей з'ехаў са сталіцы, згуляўшы за 3 гады 24 матчы. Усё ж такі канкурэнцыя ў лініі абароны была вельмі моцнай і выйграць яе ў такіх зуброў як Паўлючак і Паўлюковіч - было занадта цяжка. Канцавы з'ехаў на сваю радзіму - у Гомель, выступаючы на правах арэнды за аднайменны клуб. А ў 2009 годзе «Дынама» канчаткова расвіталася з футбалістам, аддаўшы таго ў Жодзіна.

Але праз 4 гады Сяргей вярнуўся ў наш клуб і адразу ж упэўнена заняў месца ў аснове: Канцавы прыняў удзел у 18 з 20 матчаў і толькі аднойчы выйшаў на матч не ў стартавым складзе. У канцы таго сезону Сяргей паклаў пачатак сапраўднаму разгрому свайго былога клуба - «Гомеля».

З прыходам у «Дынама» Умару Бангуры - Канцавы сваё месца ў аснове страціў. І ў сезоне 2014 гуляў не так часта - 24 матчы. Але разам з тым Сяргей прыняў удзел у 9 матчах розыгрышу Лігі Еўропы. А яго гол у Фларэнцыі, напэўна, стане адным з галоўных у яго кар'еры. Акрамя яго ступені важнасці, ён выйшаў проста шыкоўны.

У гэтым годзе Канцавы гуляў ўжо значна радзей, чым у мінулым сезоне. Усяго 11 матчаў.

Мы дзякуем Ігару Варанкову і Сяргею Канцавому за супрацоўніцтва з нашым клубам. Жадаем хлопцам поспеху ў далейшай кар'еры!

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах