Дынама - Вiкторыя - 1:0

27.11.2015

Мінскае «Дынама» упершыню за два сезоны выйграе хатні матч групавога этапу Лігі Еўропы!

 

 

 

 

Аб апошнім хатнім матчы мінскага «Дынама» у 2015 годзе можна смела здымаць фільм. Больш за тое, можна быць упэўненым, што гэтая драма цалкам сабе зможа прэтэндаваць на галівудскі Оскар. Тут было ўсё: і доўгае развіццё сюжэту, і несправядлівыя сюрпрызы лёсу, і зусім нечаканая кульмінацыя, і проста фантастычная развязка. Тыя, хто не пабаяўся ў гэты халодны лістападаўскі вечар прыехаць на «Барысаў-Арэну» - з'ехалі адтуль з цэлым вагонам станоўчых уражанняў. Можна смела казаць пра тое, што такога яшчэ ў беларускім футболе не было.

 

Матч 5-га тура групавога этапу Лігі Еўропы УЕФА паміж мінскім «Дынама» і чэшскай «Вікторыяй», практычна, турнірнага значэння не меў - ну ўжо вельмі мала шанцаў было ў футбалістаў чэшскай каманды на выхад з групы, нават у выпадку перамогі «Вікторыі» над «Дынама» і «Рапіда» над «Вільярэалам». Такім чынам, у гэтым матчы вырашаліся лакальныя задачы, бо займаць апошняе месца ў групе - не самая ганаровая місія. Акрамя таго, дынамаўцы былі поўныя рашучасці пляснуць напрыканцы хатнямі дзвярыма - матч з чэхамі быў для нашага клуба апошнім у гэтым годзе. Акрамя ўсяго іншага, наш клуб да пачатку матчу быў адзіным у цяперашнім розыгрышы Лігі Еўропы, які не змог набраць ні воднага пункта. А мець «абаранак» у графе набраных пунктаў - гэта ўжо зусім ні ў якую браму не лезе. І мы былі гатовыя! Падстаў для матывацыі было дастаткова.

 

Марознае надвор'е на вуліцы, на першы погляд, магло стаць для нас перавагай, але чэхі запэўнівалі - марозам нас не спалохаеш, ды і ў Пльзені цяпер вельмі халоднае надвор'е. Што ж, заставалася спадзявацца на тое, што і гледачы на трыбунах не замерзнуць, назіраючы за добрай гульнёй. А заўзятары прыйшлі на матч - прыйшлі і падтрымалі. Галоўнымі хэдлайнерамі вечара сталі жаўнеры, якія прыйшлі на матч. Служачыя 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра атрымалі сапраўдную аддуху - бо так выдатна на пару гадзін змяніць дакучлівую воку казарму, на трыбуны стадыёна і нават мароз тут не перашкода. З першых жа хвілін матчу вайскоўцы пачалі актыўна гнаць каманду наперад. Разам з астатнімі гледачамі атрымлівалася сапраўды крута! Футбалісты пасля матчу яшчэ адзначаць, што сёння падтрымка была на ўзроўні і тое, што галоўнымі завадатарамі выступілі жаўнеры - хлопцаў абсалютна ніяк не збянтэжыла. Таксама наш матч наведалі і нашы сябры з баскетбольнага клуба «Цмокi-Мiнск». Не так даўно наша каманда была запрошаная на баскетбольны матч, а сёння - нашы сябры завіталі да нас з візітам у адказ.

 

«Вы прыйшлі да нас на гульню - мы нарэшце змаглі перамагчы дома. Будзем спадзявацца, што зараз і мы зможам прынесці вам поспех! Будзем заўзець і перажываць за вас!» - усміхаўся перад матчам Аляксандр Куль. Што ж, нашы сябры сапраўды прынеслі нам поспех!

 

У стартавым складзе «Дынама» з нечаканасцяў можна было адзначыць толькі адсутнасць Ненада Адамавіча, яго на флангу замяніў Уладзімір Карыцька. У астатнім жа - Вук Рашавіч выставіў свой самы аптымальны склад. Чаго не скажаш пра чэхаў: галоўны трэнер вырашыў даць адпачыць і галоўнаму бамбардзіру каманды - Міхалу Дзюрышу і брамніку Матушу Казачыку. Са стартавым свістком чэхі, не саромеючыся, адразу ж забралі мяч пад свой кантроль. Аднак ужо на заканчэнні першай дзесяціхвілінкі сітуацыя змянілася. Нажаль, але глядач сумаваў і падмярзаў - гульня ў першым тайме чымсьці нагадвала кубкавы матч супраць «Нёмана», ужо зусім не цікава выглядала перакатванне мяча і спробы абедзвюх каманд наблізіцца да брамы суперніка. А праз амаль палову гадзіны дынамаўцы прапусцілі. Бегуноў заблытаўся, здавалася б, у простай сітуацыі і не змог выбіць мяч ад брамы і адвесці пагрозу - гэтым скарысталіся чэхі і разыгралі галявую камбінацыю. На шчасце для нас гол не залічылі - арбітр зафіксаваў становішча па-за гульнёй. Дынамаўцы тут жа агрызнуўся - праз некалькі хвілін Фатас Бечырай апынуўся 1-на-1 з галкіперам гасцей і прабіў па браме, але Болек згуляў вельмі добра і ўдар парыраваў.

 

Самы небяспечны момант сустрэчы стварылі чэхі ў пачатку другога тайма. Махмутавіч уцёк ад Бангура і аддаў перадачу на Коваржыка, перад якім была практычна пустая брама на адлегласці 10-12 метраў, але гулец прамахнуўся з выгоднейшага становішча, чым прымусіў ірваць на сабе валасы высокапастаўленых гасцей з чэшскай рэспублікі. Сітуацыя на полі не мянялася - перакатванне мяча і мінімум небяспечных момантаў. А ў сярэдзіне другога тайма свой гол забілі і дынамаўцы і таксама са становішча па-за гульнёй, але толькі на думку арбітраў. На паўторах выразна было відаць, што Фатас Бечырай па ўсіх футбольным канонах правільна выбег на перадачу і накіраваўся да брамы, пасля чаго і забіў гол. Так, мноства заўзятараў у гэты момант здзіўлена разводзілі рукамі, маўляў як так, усё ж чыста было? Але, нажаль - суддзя прыняў такое вось спрэчнае рашэнне.

 

Сустрэча ішла да свайго лагічнага завяршэння. Гледачы ўжо прызвычаіліся з думкай пра тое, што ўсё ж такі перамагчы сёння не атрымаецца. Каманды так і не змаглі толкам нічога стварыць за ўвесь матч - толькі па адным 100% моманце і па галу са становішча па-за гульнёй. Але надзея жыла! Апошняй спробай нешта змяніць Вук Рашавіч адправіў у бой Максіма Вітуса. Хацеў адправіць. І вось тут здарылася тое, што, мабыць, стане галоўнай футбольнай навіной краіны на бліжэйшы час. Рэзервовы арбітр падняў у паветра табло і пазначыў два нумары «3» і «20» - гэта азначала, што Алегу Вераціла трэба было сыходзіць з поля. Але Алег не спяшаўся сыходзіць з поля, не гледзячы на нулі на табло. Вераціла зняў з сябе футболку, пад якой была яшчэ адна, з надпісам: «Дзякуй усім, за цёплыя гады ў Дынама!» І здзейсніў круг пашаны па футбольным полі. Так, здараецца, здавалася б, неверагоднае - Алег Вераціла пакідае мінскае «Дынама»: прынята рашэнне аб тым, што кантракт з футбалістам працягвацца не будзе. Амаль 11 гадоў Алег правёў у нашым клубе, выступаючы за яго з самага дзяцінства. Больш за 250 матчаў за наш клуб і вось ён сыходзіць. Вядома ж, тое, што здарылася потым, прымусіла публіку на «Барысаў-Арэне» упасці ў шок. За знятую футболку Алег атрымаў «гарчычнік», але ён для футбаліста аказаўся другім, а гэта значыць - чырвоная картка. Здавалася б, футбалісты на полі таксама не маглі зразумець сутнасць таго, што адбываецца, а трэнерскі штаб чэхаў нешта спрабаваў крычаць рэзервоваму арбітру. Вук жа і зусім быў уражаны - вось так сюрпрыз. Гледачы на трыбунах узяліся за галовы: так, Алега Вераціла любяць нашы заўзятары, любяць за вернасць клубу, але пакінуць каманду ў меншасці вось так ...

 

Але ў гэтай сумнай гісторыі здарыўся самы сапраўдны хэпі-энд. Ужо ў кампенсаваны час Фатас Бечырай прыняў перадачу і пачаў прарывацца да брамы па правым флангу штрафной і тут абаронца «Вікторыі» зносіць нашага форварда! Гэта «кропка» - вердыкт арбітра суровы, капітан чэшскай каманды з прыкрасцю махае рукой, а гледачы на трыбунах заводзяцца ў прадчуванні феерыі. Але ж і тут не абышлося без інтрыгі! Мяч забраў Ненад Адамавіч, які ў прынцыпе не практыкуе выкананне 11-метровых удараў і з «кропкі» наносіць далёка не самы лепшы ўдар, які без клапот бярэ галкіпер гасцей, але на дабіванні серб не пакідае ніякіх шанцаў чэху! Ёсць!
 

Гэта гол і «Барысаў-Арэна» выбухае ў гэтым экстазе! Дыктар, які працягнуў запаветнае «ГООООЛ» амаль хвіліну, тысячы радасных заўзятараў, радасць каманды. Напэўна, шчаслівей за ўсіх у гэтыя хвіліны быў змешчаны ў падтрыбунке Алег Вераціла. Цяжка ўявіць, што рабілася ў гэты момант у галаве нашага абаронцы. Радасць? Сум?Туга? Бо, цалкам магчыма - гэты матч мог стаць апошнім для Алега ў складзе «Дынама». Тым не менш, ёсць добрая прыказка: добра тое, што добра заканчваецца. А значыць ёсць справядлівасць і тое, што здарылася ўчора вечарам на «Барысаў-Арэне» не проста так. Так, Алег атрымаў зусім нелагічную чырвоную картку, але некаторыя заўзятары «Дынама» са слязамі на вачах будуць пераглядаць відэапаўтор круга гонару Вераціла па футбольным полі ў майцы са словамі падзякі. Пазней Алег выкладзе ў сваім Інстаграме запіс са словамі падзякі ў адрас фанатаў, гульцоў, трэнерскага штаба, работнікаў клуба за гады, праведзеныя ў «Дынама». Так, гэта па-сапраўднаму кранальна. І як жа ўсёж такі атрымалася прыгожа! А самае галоўнае, гэта першая перамога ў Лізе Еўропы ў гэтым годзе і першыя пункты. Будзем верыць, яны будуць не апошнімі, бо нас чакае яшчэ адна гульня!
 

Мы віншуем з гэтай перамогай усіх нашых заўзятараў! Усіх, хто заўзее і перажываў за нас! Усіх, хто падтрымліваў нас на стадыёне! Дзякуй вам за падтрымку - гэта лепшая падзяка для нашай каманды за ўвесь адыграны сезон! Будзем верыць, што лепшае наперадзе!

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах