Мінск - Дынама: пасляматчавыя каментары.

10.05.2017

Антон Сарока і Максім Швецоў камэнтуюць вынікі матчу.

 

 

 

 

 

Антон Сарока

На працягу сямі матчаў ты не мог вызначыцца, ды і ў міжсезонне мяч усё ніяк не ішоў у браму. Ты забіў у мінулым туры і зрабіў гэта сёння. Псіхалагічна стала лягчэй?
- Не сказаў бы, што вельмі ціснула гэта на мяне, проста ведаў, што хутка я ўсё роўна заб'ю. Пра гэта казаў і Сяргей Уладзіміравіч Бароўскі і зараз настройваў Сяргей Вітальевіч. У мяне верылі, і гэта давала мне ўпэўненасці. Я забіў «Гомелю», забіў і цяпер - буду працягваць працаваць.

Хлопцы падтрымлівалі падчас «засухі»?
- У нас класны калектыў, у любой сітуацыі ўсе падтрымліваюць адзін аднаго. Каманда пасля кожнага матчу казала, што хутка заб'еш і ўсё будзе добра. Вось, прарвало. Дай Бог, каб так было і далей.

На газоне стадыёна ФК «Мінск» статыстыка ў «Дынама» адмоўная. Не сцерагліся гэтага перад гульнёй?
- Тут роўнае поле - гэта тое, што нам трэба было. Так, на сінтэтыцы мы правялі толькі пару трэніровак, але да матчу рыхтаваліся старанна: суперніка разабралі і вывучылі яго слабыя і моцныя бакі. Сёння нам удалося згуляць з пазіцыі сілы. Ды і гульня заўзятарам, думаю, спадабалася.

Цябе сёння доўга праводзілі апладысментамі.
- Хачу сказаць дзякуй усім, хто сёння нас падтрымаў, а такіх было шмат. У такой атмасферы прыемна гуляць. Я думаю, што калі мы будзем працягваць перамагаць, то людзей будзе прыходзіць усё больш.

 

 

Максім Швяцоў

Сёння ты правёў свой другі матч запар у асноўным складзе. Да мінулага тура твайго прозвішча не было нават у заяўцы. Скажы, калі тваё імя абвясцілі ў «старце» матчу супраць «Гомеля», ці быў мандраж?
- Мы рыхтаваліся да гэтай сустрэчы тыдзень і найгравалі склад. Я ведаў за некалькі дзён да гульні, што павінен выйсці ў «аснове». Таму, усё было добра. Ведаў, што буду гуляць і мандражу амаль не было.

Такім чынам, сёння яго не было наогул?
- Так (усміхаецца). Калі шчыра, то перад кожнай гульнёй прысутнічае невялікая доля хвалявання, але з першым дотыкам мяча яно, як правіла, праходзіць. З кожным момантам упэўненасці прыходзіць усё больш.

Сёння ў абароне дзейнічала маладая звязак Швяцоў-Чыж. У дублі - у вас поўны парадак у плане ўзаемаразумення. Як гулялася сёння?
- Усё было як звычайна, бо Сяргей Вітальевіч прад'яўляў тыя ж патрабаванні ў плане гульні, а з яго патрабаваннямі мы знаёмыя вельмі добра.

Галавіч дапамагаў?
- Яго падказкі вельмі дапамагалі падчас гульні, усё ж такі дасведчаны футбаліст. Ды і галоўны трэнер яму даваў ўстаноўку падказваць нам. Ён гэта рабіў добра і, таму, мы адчувалі сябе даволі ўпэўнена.

У канцы першага тайма Клімовіч па-сапраўднаму выратаваў каманду. Маглі сысці на перапынак з прапушчаным мячом ...
- Маглі прапусціць, але раней выдатныя моманты былі ў нас. Сыходзілі ў распранальню і разумелі, што трэба забіваць.

І забілі.
- Вельмі своечасова, лічу, забілі першы мяч. Потым адчулі ўпэўненасць, пачалі яшчэ больш прэсінгаваць суперніка і забілі яшчэ раз. Выдатна, што ўсё атрымалася.

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце