Умару Бангура: "Атрыманая ў зборнай траўма - для мяне першая ў кар'еры"

19.12.2014

Умару Бангура падводзіць вынікі першага года ў "Дынама"

 

 

 

 

Пачнем з самага пачатку. Адкрыццё сезону, першы матч: стадыён «Спартак», Магілёў. Чым запомніўся табе твой дэбют за мінскае «Дынама»?

- Першая гульня мне вельмі запомнілася, мы перамаглі тады з лікам 1:0. Чым запомнілася? Прыехала вельмі шмат нашых заўзятараў, каб падтрымаць нас і гэта нам дало дадатковую матывацыю. Першы матч, першая перамога, першая «сухая» гульня - усё гэта было вельмі важна для мяне. Гэтая перамога дапамагла нам добра пачаць сезон.

Усяго праз некалькі матчаў табе ўдаецца адзначыцца галявой перадачай. Скажы, як часта табе ўдаецца забіваць і аддаваць галявыя пасы?

- Забіваць галы для мяне, як абаронцы, вельмі цяжка. З галявымі перадачамі ўсё значна прасцей. Аддаваць добрыя пасы - адзін з маіх любімых заняткаў на полі. Калі я знаходжуся з мячом я адразу шукаю свабодныя зоны і думаю пра тое, як аддаць добрую і дакладную перадачу. Думаю, у мяне гэта атрымліваецца.

Першае паражэнне наш клуб атрымлівае ў Брэсце, у 7-м туры. І выйшла так, што гэтая першая гульня, калі «Дынама» прапускае больш аднаго гола ў сваю браму. Гэтая параза атрымалася сенсацыйнай для нашага клуба. Памятаеш той матч?

- Першая параза ў мінскім клубе для мяне з'яўляецца самай балючай за ўвесь сезон.

Нават больш балючай чым у Салоніках?

- Так. У Брэст мы ехалі толькі за перамогай і ўсе былі ў ёй упэўненыя. Ніхто нават і блізка не мог падумаць пра тое, што мы вернемся адтуль без трох пунктаў. А ўсё менавіта так і атрымалася. Гэты матч я запамятаю надоўга.

 

Наступная гульня была супраць БАТЭ. Ці ўсведамляў ты важнасць супрацьстаяння «Дынама» з клубам з Барысава? Як праходзіла падрыхтоўка да гульні, ці адчувалася асаблівая атмасфера?

- Як толькі я прыехаў у Беларусь, я адразу ж даведаўся пра тое, што супрацьстаянне «Дынама» і БАТЭ - галоўнае ў беларускім футболе. Таму я быў гатовы да гэтага матчу. У такіх гульнях усе жадаюць перамагчы.

Барысаў-Арэна запомнілася?

- Тая гульня гэта тое, дзеля чаго гуляюць у футбол. Запоўненыя трыбуны, якія зараджаюць цябе энергіяй і даюць дадатковую матывацыю. Гэта крута.

У тым матчы прыйшлося вельмі цяжка нашым абаронцам, вялікая колькасць атак на нашы вароты. Тым не меньш, нашы абарончыя шэрагі выстаялі. Ці было табе так цяжка, як гэта выглядала з боку?

- У такіх гульнях і паказваецца клас футбаліста. Калі становіцца цяжка - бачны твой ўзровень. Тады я проста гуляў так, як умею. Стараўся паказаць свае лепшыя якасці, дапамагчы камандзе. Мы не прапусцілі, лічу, што мне, як абаронцу, гэта ўдалося.

Пасля гэтага матчу адбылася 8-мі матчавая пераможная серыя з тваім удзелам (у матчы 10-га тура супраць «Тарпеда» ты ня браў удзел), у якіх мы прапусцілі толькі адзін мяч. У чым заклад поспеху?

- Мы вельмі добра пачалі сезон, выйгралі шмат матчаў, мала прапускалі - у каманды з'явілася ўпэўненасць у сваіх сілах. Калі ты ў сабе ўпэўнены, ты кантралюеш гульню. Калі ў сабе ўпэўнена абарончая лінія каманды, то яе вельмі цяжка надламіць.

 

Вялікая колькасць футбольных спецыялістаў, заўзятараў, назіраючы гульню «Дынама», не саромеліся гаварыць аб тым, што пара абаронцаў Паліцевіч-Бангура - адна з лепшых з'яў у беларускім чэмпіянаце за апошні час. Што можаш распавесці аб сваім партнёры ў цэнтральнай зоне абароны?

- Я сябе адношу да тых гульцоў, якім вельмі лёгка адаптавацца пад любыя ўмовы гульні. Я лёгка прызвычваюся да партнёраў. Я стараюся адаптавацца пад гульню свайго партнёра. Што тычыцца Сяргея, то нам дапамагло тое, што ён добра размаўляе на англійскай мове, і мы часта размаўлялі па-за футбольным полям. Я разумеў яго як чалавека і як футбаліста, разумеў яго стыль гульні. Мне камфортна з ім гуляць. Але не скажу, што мне прынцыпова з кім канкрэтна гуляць у адной зоне.

Стыль гульні нашых футбалістаў вельмі эмацыйны: калі нешта не атрымліваецца, то не рэдка ўзнікаюць крыкі, вельмі эмацыйныя падказкі. У той жа час Умару Бангура запомніўся ўсім заўзятарам сваёй стрыманасцю і упэўненасцю ў сабе. У чым сакрэт твайго спакою?

- Я гуляю на сваёй пазіцыі даўно і ведаю, чаго патрабуюць ад мяне. Я - адказны за свой участак поля і я імкнуся адказваць за яго належным чынам. Таксама, што яшчэ важна, я вельмі люблю гуляць, і я атрымліваю задавальненне ад гэтага. На полі я нікога не баюся. Я выходжу і ведаю, што павінен быць лепшым на поле і ўсё роўна супраць каго гуляю. Вось у чым сакрэт маёй упэўненасці. Галоўнае, верыць у свае сілы.

Вернемся да чэмпіянату. Другі матч чэмпіянату супраць барысаўчан. Гулялі мы не горш, але ўсёж такі прайгралі. Чаму так атрымалася?

- Пра гэтую гульню магу сказаць толькі адно - нам не пашанцавала. Мы гулялі лепш, чым БАТЭ, але нам проста не пашанцавала. Мы дапусцілі ў тым матчы некалькі памылак, за якія нас і пакаралі. Але гэта футбол і так здараецца.

На тым матчы сабралася вельмі шмат заўзятараў.

- Нашы заўзятары нас заўсёды добра падтрымліваюць. У футболе не бывае такога, калі ўсё добра ўвесь час, здараюцца няўдалыя паядынкі. Менавіта ў гэтыя моманты да нас на дапамогу прыходзяць нашыя фанаты. Я ім вельмі ўдзячны за тое, што, не гледзячы на вынік, яны заўсёды падтрымліваюць нас і заўсёды з намі.

Можаш узгадаць штосці запамінальнае, звязанае з нашымі заўзятарамі?

- Мне падабаецца, што нашы заўзятары заўсёды спяваюць (усміхаецца). Гэтак жа вельмі люблю, калі пасля матчу, калі мы падыходзім да фанатаў, яны спяваюць для нас. Таксама мне падабаецца адчуваць падтрымку да матчу, у той момант, калі ты толькі выходзіш на поле. У нашых заўзятараў шмат сцягоў і гэта выглядае прыгожа. З фанацкіх песень мне вельмі запомнілася адна, але цяпер я, на жаль, не магу яе наспяваць (смяецца). Але яна мне сапраўды запомнілася.

Матчы кваліфікацыйнага этапа Лігі Еўропы, што можаш распавесці пра іх? Ці можна сказаць пра тое, што збылося адно з тваіх жаданняў - гуляць у еўрапейскім турніры?

- Ад гэтых матчаў у мяне застануцца толькі пазітыўныя эмоцыі. Можна сказаць так, што спраўдзілася мая мара. Як любы футбаліст, я таксама хацеў гуляць у еўракубках. Мы сапраўды шмат чаго дамагліся. У нас было шмат цяжкіх гульняў, як напрыклад, у Румыніі або Партугаліі, калі мы ляцелі на велізарную адлегласць. У нас былі стрэсавыя гульні, але нам удалося выйсці ў групавы этап. Так, мы не змаглі трапіць у плэй-оф раўнд, але, у прынцыпе, мы атрымалі вялікі досвед і зрабілі важны крок наперад.

Сачыў ты за выступам сваёй мінулай каманды «Хаугесунд», якая таксама выступала ў кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы УЕФА?

- Так, я сачыў за іх выступам і ведаю, што яны вылецелі вельмі рана з кваліфікацыі.

Як твае родныя і блізкія ўспрынялі твой поспех, выхад у Лігу Еўропы УЕФА?

- Усе былі за мяне вельмі рады. Трэба адзначыць, што гэта не першы выпадак, калі гулец Сьера-Леонэ гуляў у еўрапейскіх турнірах. А што тычыцца блізкіх, то яны сапраўды радаваліся. Таксама мяне падтрымлівалі і мае калегі па зборнай маёй краіны. Мяне паважаюць за тое, што я дамагаюся вынікаў у сваёй гульні, у гульні са сваімі клубамі. Пасля гульні ў Фларэнцыі мне тэлефанавалі і казалі, што шмат людзей у Сьера-Леонэ прайгралі вялікія грошы на стаўках, так як ставілі ў тым матчы на «Фіярэнціну». Ніхто не верыў, што «Дынама» зможа перамагчы (смяецца). Была смешная сітуацыя, а я ў адказ казаў - ніколі не стаўце супраць «Дынама».

Ты правёў добрыя матчы за зборную Сьера-Леонэ ў гэтым годзе.

- У папярэднім раундзе кваліфікацыйнага турніру мы гулялі супраць зборных Сейшэльскіх выспаў і Свазіленда. Некалькі разоў я вызначыўся з пенальці. Мы прайшлі ў кваліфікацыйны раунд, дзе нашымі супернікамі сталі Івуарыйцы, камерунцы і зборная Конга. У нас вельмі маладая каманда і лічу, што мы маглі б яшчэ пра сябе заявіць, калі б не Эбола. Нам не дазвалялі гуляць на сваёй Радзіме і гэта было вельмі цяжка. На гульню мы прыязджалі за паўтара дні да матчу, не паспявалі аднаўляцца. Калі б мы гулялі дома, я думаю, мы змаглі б «пашумець».

Тваёй краіне ўдалося ўзяць пад кантроль гэтую праблемную сітуацыю з ліхаманкай?

- Так, лічу, што сітуацыя ўжо нармалізавалася і цяпер знаходзіцца пад кантролем. Усё ўжо пайшло на спад. У Афрыцы ня шмат магчымасцяў з'ехаць з краіны, таму людзям даводзіцца сядзець дома, быць ізаляванымі. Народ моліцца аб тым, каб усё было добра.

Як было гуляць супраць Яя Турэ? У той гульні вы былі капітанамі сваіх зборных.

- Тым выдатны футбол, выступленне за зборную, што ты можаш гуляць супраць лепшых футбалістаў свету. Зборная берага слановай косці напалову складаецца з гульцоў, якія гуляюць у вядучых клубах Еўропы. У той гульні я ўсведамляў важнасць паядынку і стараўся цалкам аддацца гульні і прынесці вынік. Нам, нашай зборнай, падабалася гуляць з такімі вялікімі камандамі.

У зборнай ты і атрымаў тую самую траўму, якая пазбавіла цябе гульні да канца сезону.

- Гэта была першая траўма ў маёй кар'еры. Да гэтага я не ведаў, што значыць быць траўміраваным. Я бачыў шмат пашкоджанняў ў футбалістаў, але асабіста - сутыкацца не даводзілася. Я думаю, што гэтая траўма - вынік шчыльнага графіка гульняў. У Нарвегіі каляндар быў лягчэй, чым цяпер у «Дынама». Паміж гульнямі за клуб і зборную ў мяне было каля тыдня для падрыхтоўкі і аднаўлення. Цяпер - усё па-іншаму: 2-3 дні на падрыхтоўку. Бывала і такое, што я прылятаў у Сьера-Леонэ і ў той жа дзень выходзіў гуляць на поле. У момант, калі я атрымаў пашкоджанне, я адчуў, што мая цягліца тузанулася. У выніку я пацягнуў заднюю паверхню сцягна.

 

Шматлікія адмыслоўцы лічаць, што твая траўма - адна з прычын таго, што мы не змаглі ўзяць чэмпіёнства, так як пасля таго, як ты выбыў, у абароне пачаліся праблемы.

- Гэта ўсяго толькі меркаванне людзей. Я мог прыняць удзел у астатніх гульнях, і мы ўсё роўна маглі б іх прайграць. Нельга пра гэта так казаць, бо ніхто не ведае, як адбылося б усё на самой справе. Ад сябе магу сказаць, што я так не лічу. Гэта не прычына нашай няўдачы. Мне ж было вельмі цяжка глядзець на гульню сваёй каманды з трыбун.

Што здарылася ў Салоніках? 6 прапушчаных мячоў, вельмі няўпэўненая гульня нашых лепшых абаронцаў. Што адбылося?

- У той гульні ў нас хапала незразумелых памылак. Я не магу сказаць, што мы гулялі вельмі дрэнна. Грэкі забівалі настолькі простыя мячы ... Настолькі мы іх па-дурному прапускалі ... Усё дрэннае, што магло быць - здарылася там, у Грэцыі. Дай нам яшчэ раз згуляць супраць іх тады, мы б не згулялі так жудасна.

Можа атмасфера матчу паўплывала на некаторых футбалістаў? Бо для многіх - гэта было вельмі нязвыкла. Вялікі стадыён, гучная публіка.

- Гэта футбол і любы футбаліст павінен любіць гуляць у такой атмасферы. Ты не павінен гэтага баяцца. Калі ты баішся гуляць у чэмпіянаце Беларусі, напрыклад, то ў еўракубках ты наогул разгубішся. Ліга Еўропы - сур'ёзны турнір. Там табе хутка растлумачаць, што да чаго. Ты не павінен быць заціснутым і баяцца трыбун. Трэба быць раскаваным і атрымліваць задавальненне ад атмасферы.

Як ацэніш свой першы сезон за «Дынама»?

- Калі мы пачыналі сезон у мяне ўзнікла пачуццё, што наш час прыйшоў. Усё павінна было атрымацца. Але гэта футбол і тут бывае ўсякае. Што тычыцца асабістых адчуванняў, я вельмі засмучаны сваёй траўмай. Спачатку я думаў, што не буду гуляць два-тры тыдні, але ўсё аказалася значна больш сур'ёзна. Я выбыў да канца сезона і гэта таксама першы досвед для мяне. Для мяне гэта былі незнаёмыя адчуванні. Я не ведаў, як гэта глядзець за гульнёй тваёй каманды з трыбуны. Я зразумеў, што мне гэта наогул не па душы. Гульню за гэты час я палюбіў яшчэ больш. Што тычыцца чэмпіянату? Лічу, што трэба мяняць нешта ў нашай псіхалогіі. У гэтым сезоне БАТЭ нам давала шмат шанцаў, але мы не маглі імі скарыстацца. Можа быць, нам не хапала канцэнтрацыі. Цяпер нам застаецца толькі рыхтавацца да будучага сезону. Мы павінны працаваць і імкнуцца не разгубіць фокус на сваёй гульні.

 

Чым табе запомніўся Уладзімір Журавель?

- У нас былі добрыя адносіны. Ён вельмі добры чалавек, як асоба. Ён заўсёды стараўся дапамагчы футбалістам паказаць сваю лепшую гульню. Я са шкадаваннем даведаўся пра тое, што Уладзімір Іванавіч пакінуў наш клуб.

Што можаш пажадаць нашым заўзятарам напрыканцы?

- Сезон скончаны. Я разумею расчараванне нашых фанатаў. Што цяпер сказаць ... Трэба, глядзець у будучыню і чакаць будучага сезона. Мы будзем старацца дабіцца сваёй мэты ў будучым годзе. Мы хочам, каб людзі радаваліся нашым перамогам. Хачу папрасіць, каб нас працягвалі падтрымліваць таксама як і ў гэтым годзе, каб ездзілі разам з намі. Мы вельмі любім нашых заўзятараў і стараемся для іх.

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах