Зборнікі вяртаюцца ў Дынама!

09.09.2015

Дынамаўцы, выкліканыя ў зборныя, вяртаюцца ў Мінск!

 

 

 

 

Падыходзіць да заканчэння чарговая паўза ў нашым чэмпіянаце, выкліканая гульнямі зборных каманд. Футбалісты «Дынама», якія выступалі за свае нацыянальныя каманды, вяртаюцца ў наш клуб. Узгадаем пра тое, як нашы зборнікі правялі свае гульні.

Пачнем з галоўнай каманды нашай краіны. Нацыянальная зборная Беларусі за гэты прамежак часу правяла 2 матчы еўрапейскай кваліфікацыі Еўра-2016. Нажаль, у першым жа матчы Беларусь страціла ўсе шанцы на далейшы працяг барацьбы за запаветныя пуцёўкі. У Львове зборная Ўкраіны не пакінула ніякіх шанцаў нашым хлопцам і, як вынік, параза з лікам 1:3. Раман Бегуноў, чакана, правёў матч на лаўцы запасных. У другім тайме таго матчу чарговае папярэджанне атрымаў Аляксандр Мартыновіч і гэта абяцала нашаму капітану пропуск гульні супраць Люксембургу. Такі рух падзей уключаў зялёнае святло для нашага абаронцы ў асноўны склад на бліжэйшы матч. Аднак галоўны трэнер нацыянальнай зборнай вырашыў пакінуць Бегунова на лаўцы запасных. Нажаль, радасць за дэбют Ромы ў складзе галоўнай каманды краіны пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Праўда ёсць падстава, хай і для невялікай, але ўсё ж радасці - беларусы з лікам 2:0 у родных сценах адолелі несаступлівых футбалістаў зборнай Люксембургу.

 

Маладзёжная зборная Беларусі, пад кіраўніцтвам Ігара Кавалевіча, на выходных стартавала ў чарговай кваліфікацыйнай кампаніі. Супернікамі нашых хлопцаў былі равеснікі са Славакіі - вельмі моцны апанент, і менавіта іх галоўны трэнер нашай «маладзёжкі» лічыў фаварытамі ў групе. Перад матчам былі і асцярогі за вынік, асабліва ўспамінаючы апошнія таварыскія матчы нашай «маладзёжкі» супраць ангельцаў і расейцаў. Аднак, нашы хлопцы здолелі паказаць годную гульню і стартаваць у адборы на Еўра з перамогі!

І самае прыемнае для нашых заўзятараў тое, што перамогу ў гэтым матчы нашай зборнай прынес Яраслаў Яроцкі! Годна ў гэтым матчы глядзеліся ўсе нашы хлопцы, а менавіта: Мікіта Корзун (правёў увесь матч), Глеб Расадкін (быў заменены на 78-й хвіліне), ну і сам Яроцкі (быў заменены на 57-й хвіліне). Таксама выдатна выглядалі і два нашых абаронцы, якія на дадзены момант знаходзяцца ў арэндзе - Сямён Шасцілоўскі і Сяргей Карповіч. Гэта адзначыў і галоўны трэнер нашай каманды, які назіраў за матчам асабіста.

Фатас Бечырай вельмі добра правёў свае матчы за нацыянальную зборную Чарнагорыі. Спярша чарнагорцы ў хатніх мурах сустракаліся са сціплым Ліхтэнштэйнам і атрымалі перамогу з лікам 2:0. Галоўны бамбардзір мінскага «Дынама» прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі абодвух узяццяў брамы: у першым выпадку Бечырай выступіў у ролі асістэнта, ну а ў другім - ужо сам забіў мяч у сетку.

З такім жа лікам у наступным матчы на выездзе была павалена нацыянальная зборная Малдовы. Фатас Бечырай таксама прыняў непасрэдны ўдзел у другім узяцці брамы: «Беча» здзейсніў добры праход па правым флангу і магутна прабіў па браме, пасля чаго мяч рыкашэтам ад нагі абаронцы трапіў у мэту. Чарнагорцы па-ранейшаму маюць шанцы на другое месца ў сваёй адборачнай групе, астатнія два матчы гэтыя футбалісты правядуць супраць прамых канкурэнтаў - аўстрыйцаў і расейцаў. У абодвух сустрэчах Фатас Бечырай правёў на полі ўвесь матч.

Футбалісты Сьера-Леонэ чарговы матч адборачнага турніру Кубка Афрыканскіх Нацый праводзілі ў родных мурах супраць гранду афрыканскага кантынента - зборнай Кот-д'Івуара. Упэўненая гульня капітана гаспадароў і нашага абаронцы Умару Бангура (правёў увесь матч) спрыяла сухому выніку для каманды Сьера-Леоне. Як
вынік - нулявая нічыя 0:0, што з'яўляецца вельмі годным вынікам для гэтай зборнай. Аднак, турнірная табліца ў групе для нашага абаронцы выглядае не так весела: 4-е месца пасля 2-х гульняў. 1-е месца - Габон (4 пункты), 2-е месца - Судан (3), 3-е месца - Кот д'Івуар- (2), 4-е месца - Сьера-Леонэ (1).

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах