Арцём Салавей: "Сёння жаданне было велізарным".

10.11.2018

Арцём Салавей каментуе вынікі матчу супраць Слуцка.

 

 

 

 

 

Даўнютка цябе не бачылі ў стартавым складзе. Што першым прайшло ў галаву, калі тваё прозвішча агучылі ў спісе тых самых адзінаццаці чалавек, які выйдуць на поле з першых хвілін?

- Па-першае: было даволі нечакана, таму што я даўно не гуляў, а хлопцы, якія праводзілі апошнія матчы, выглядалі выдатна, ды і перамаглі ў Віцебску, а тут вось перастаноўкі такія ... Але гэта трэнер вырашае. Дваякія адчуванні: з аднаго боку, нечакана, а з другога - вельмі прыемна, што мне даверылі выйсці ў «старце». Стараўся, але шкада, што не забіў, бо трэнер сёння рызыкнуў, а я лічу менавіта так - рызыкнуў выпусціць мяне ў старце.

Чаму?

- Рызыкаваў таму, што я даўно не гуляў, і невядома ў якім я гульнявым тонусе. Але, паўтаруся, трэнерскаму штабу лепш відаць - у любым выпадку.

Як думаеш, ці дарэчы сказаць, што сёння жаданне проста перапаўняла цябе?

- Ды ў мяне заўсёды так, проста гульня на гульню не прыходзіцца. Вядома, жаданне было велізарным, бо мне даверылі згуляць у стартавым складзе, таму хацелася не падвесці трэнерскі штаб. Ну і самым галоўным было забіць, дапамагчы хлопцам дасягнуць выніку, бо да фінішу зусім нічога. Нашы задачы ніхто не адмяняў - трэба быць у тройцы, а для гэтага трэба выйграць тры гульні, а там яшчэ не вядома як «Шахцёр» згуляе ... Таму зараз галоўнае браць свае балы. Але я не сказаў бы, што сёння вочы ажно гарэлі ...

Не сказаў бы? З боку здавалася наадварот.

- Ну як ... З боку - можа быць, але для мяне самым галоўным было сёння не падвесці каманду і дапамагчы ёй узяць тры балы.

Сёння ты паказваў цуды дрыблінгу. Адкуль гэта ўзялося, бо раней такога за табой не назіралася.

- Як сказаць ... Уся справа ў псіхалогіі: мы многае ўмеем, але недзе не хапае настрою, недзе - гульнявога тонусу. Шмат дробных фактараў, якія ўплываюць на канчатковы вынік. Сёння гульня пайшла, плюс адчуў трохі ўпэўненасці, таму і вырашаўся ісці ў обыгрыш. Гэта ўдала атрымалася, праўда крыўдна, што не атрымалася забіць.

Ёсць такая прымаўка пра «параненага звера» ... Сёння «Слуцк» гарэў жаданнем перапыніць сваю чорную паласу. Згодны?

- Было цяжка, вядома. Сёння была такая гульня, калі мы шмат шанцаў загубілі, і ў гэтыя моманты думаеш пра класічны футбольны закон, калі не забіваеш ты, а далей ... Плюс быў моманцік, калі пры ліку 1:0 нам у другім тайме даравалі пры выхадзе 1-у-1 . Праўда і я да гэтага некалькі разоў «дараваў» суперніка ... Было б вельмі крыўдна, калі б з-за гэтага мы страцілі б балы сёння.

Заканчваць чэмпіянат нам давядзецца ў гульнях супраць каманд з нізоў турнірнай табліцы. Вельмі важна не дапусціць недаацэнкі суперніка, бо ў яго ёсць свае задачы.

- Цалкам згодны, бо супернікам вельмі будуць патрэбныя балы, каб змагацца за выжыванне. Лёгкіх матчаў дакладна не будзе. Гэта калі гуляеш супраць серадняка, якому, груба кажучы, ужо асабліва нічога не трэба, гэта крыху лягчэй - усё ж такі тут прысутнічае і чалавечая псіхалогія, якую цяжка памяняць. А тут, не выключана, што супернікаў і дадаткова матываваць будуць для таго, каб яны ўзялі свае балы ... Адзін раз я быў у такой сітуацыі, калі гуляў за «Віцебск», і каманда знаходзілася ў зоне вылету - такія рэчы здараюцца.

Заключны хатні матч сёння мы адыгралі ...

- Усе выдатна разумеюць, чаму не ходзяць на футбол заўзятары, фанаты ... Вельмі шкада, што склалася такая сітуацыя, але як ёсць - тут нічога ня зьменіш. Добра, што на сённяшні матч людзі прыйшлі, і падтрымка адчувалася. Было чуваць і крычалкі, ды і заўзятары са Слуцка ў нядрэннай колькасці прыехалі ... Добра, што сёння выйгралі, хоць і шмат не забілі - зараз гэта галоўнае.

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах