Юры Астраух: Вельмі хочацца вызначыцца ў чэмпіянаце.

20.09.2017

Юры Астраух правёў 50 матчаў за мінскае Дынама

 

 

 

 

«Пяцідзясяты юбілей» падкраўся непрыкметна?
- Калі шчыра, так. Нават не меў уяўлення, колькі матчаў я згуляў. Вядома, вельмі прыемна і я рады, што за «Дынама» правёў ужо 50 матчаў. Што сказаць, трэба працягваць рухацца ў тым жа духу.

 

Твой юбілей прыпаў на матч супраць каманды, дзе ты правёў больш за ўсё матчаў.
- Даволі сімвалічна выйшла, бо ў «Дынама» я пераходзіў менавіта з «Мінска».

Як узнікла цікавасць нашага клуба, памятаеш?
- Заставалася чатыры туры да канца чэмпіянату 2015 года, і на мяне з прапановай выйшлі прадстаўнікі мінскага «Дынама». Рады, што падпісаў кантракт з гэтым клубам і абсалютна ні аб чым не шкадую.

Магчыма і Сяргей Паліцевіч паўплываў на твой выбар?
- З Сяргеем мы знаёмыя з дзяцінства, ну і ён з'яўляецца хросным майго сына. У дзяцінстве я прывёў яго на футбол, і мы разам займаліся ў лідскім ДЮСШ. Ён быў трохі маладзейшы, але займаўся з намі, з хлопцамі 1988-га года нараджэння. Мы добра сябруем, ён таксама раіў мне перайсці ў «Дынама». Ды і ў прынцыпе, калі цябе клічуць у такі клуб - доўга думаць не прыходзіцца.

 

У «Мінску» ў цябе была выдатная статыстыка для абаронцы (9+9 за 120 матчаў).
- Першы год у складзе чырвона-сініх у мяне статыстыка была не вельмі, ну а потым, з часам, пачаў дадаваць, пачаў забіваць. У 2015 годзе ўдалося забіць 4 разы, пры тым, што я гуляў на розных пазіцыях, нават пад нападаючым даводзілася выступаць. У «Дынама» ж я гуляю выключна на сваёй пазіцыі, ды і трэба было прызвычыцца да новай для сябе схемы. Тым не меньш, у мяне здаваюцца галявыя моманты, трэба проста іх рэалізоўваць.

Свайго дэбютнага гола за наш клуб ты чакаў даволі доўга.
- Затое як я быў рады тады, тым больш забіў яшчэ і ў еўракубках (заўв. - матч супраць «Рунавіка»). Зараз вельмі хочацца і ў чэмпіянаце вызначыцца. У той гульні супраць фарэрцаў было даволі горача, таму адразу і ўсвядоміў, што я забіў гол, затое потым ужо радаваўся па-сапраўднаму.

У цябе вельмі моцны ўдар. З дзяцінства натрэніраваў?
- Яшчэ з часоў ДЮСШ трэнер надаваў гэтаму шмат увагі, вось з таго часу і засталося гэта. Часам магу прабіць моцна (усміхаецца). У тым годзе, ды і ў гэтым, я меў досыць момантаў, але можа дзесьці псіхалагічна чагосьці не хапала, каб забіць…

 

Разам з «Дынама» ты зноў адчуў смак еўракубкаў.
- Так, у мяне быў досвед кваліфікацыйных гульняў і ў БАТЭ, і ў «Мінску», і ў Жодзіна. Вельмі шкада, што пакуль не ўдалося прабіцца ў групу. Вядома, з кожным годам досведу дадаецца. У гэтым сезоне нам было па сілах прайсці АЕК, але, на жаль, не атрымалася - дрэнна згулялі на выездзе.

Зараз каманда ідзе на першым месцы, ці няма псіхалагічнага ціску?
- Мы пра гэта не думаем, правялі паядынак - прааналізавалі яго і забыліся, пачынаем рыхтавацца да наступнага, настройваемся. Ідзем ад матчу да матчу, да канца чэмпіянату засталося восем тураў, і зараз патрэбны максімальны вынік у кожным матчы.

Які з 50-ці матчаў запомніўся больш за ўсё?
- Трэба ўзгадаць (усміхаецца) ... Па напале вельмі спадабаўся матч у адказ супраць кіпрыётаў. Мы выйшлі вельмі наладжаныя, выклаліся па максімуму, але вынік гульні на выездзе нам не даў прайсці далей.

А які паядынак хацеў бы забыць?
- Параза ад «Крумкачоў», тады было вельмі сорамна і крыўдна. Пасля таго матчу некалькі дзён з жонкай нават не размаўляў, быў паніклы. Хацелася б гэты матч выкрэсліць з памяці.

 

З фанатамі такіх жорсткіх размоў, як пасля таго матчу, раней не было?
- Так, гэта першы досвед у маёй практыцы. У «Мінску» актыўных заўзятараў было вельмі мала, а ў «Дынама» ўсё было па-іншаму.

Якімі табе запомніліся яны?
- Фанаты і павінны быць патрабавальнымі, яны вельмі добра заўзеюць і хочуць, каб каманда заўсёды перамагала. У гэтым годзе вельмі пуста і ціха без іх падтрымкі, але, тым не меньш, адчуваецца і падтрымка цэнтральных трыбун, хоць і невялікая, але яна ёсць.

У гэтым годзе ў «Дынама» перайшоў Саша Сачыўка, ты з ім нямала часу правёў у «Мінску».
- Вельмі рады быў яго пераходу, бо ў складзе «гараджан» у нас была выдатная звязка, мы выдатна разумелі адзін аднаго. Гэта адбіваецца і дапамагае тут, усё ж такі чатыры гады плячом да пляча правялі ў «Мінску».

 

За паўтара года ў «Дынама» ты запомніўся вельмі ціхім хлопцам. Чым любіш займацца ў вольны час?
- Я сам па сабе даволі спакойны чалавек, увесь вольны час я імкнуся прысвячаць сваёй сям'і - майму дзіцяці тры гады і па магчымасці спрабую надаваць яму максімум увагі. Часам любім і на хакей выбрацца.

Чаго пажадаў бы заўзятарам?
- Хацелася б звярнуцца да фанатаў - вельмі хочацца, каб яны вярнуліся, падтрымлівалі нас, мы будзьма імкнуцца зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб даць вынік.

 

Фота: offside.by; pressball.by.

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах