Дынама - Нафтан - 3:1. Бясспрэчная перамога

10.09.2016

21 тур прынёс «Дынама» доўгачаканую перамогу на сваім полі. Першую ў чэмпіянаце, за апошнія 2 месяцы. Нагадаем, 3 ліпеня была абыграна мазырская «Славія». Пасля чаго - як адрэзала.

 

 

 

 


Ішла першая хвіліна матчу. Мінскае «Дынама» увяло мяч у гульню з цэнтра поля, праз некалькі секунд Юры Габоўда зрабіў мэтавы навес з флангу на далёкі кут брамавай і як Буднік ня забіў - невядома нікому.

Трыбуны і ахнуць не паспелі, як выдатны момант адкрыць лік у матчы быў ужо ў самога Габоўды - мяч прайшоў вышэй брамы.

Ішла другая хвіліна матчу. Гулялі шостая і шаснаццатая каманды чэмпіянату. Шмат каму з заўзятараў на трыбунах здалося, што ўжо ў гэты раз ключык падбярэцца, куфэрак адкрыецца і тры балы ад гаспадароў нікуды не падзенуцца. Іншага меркавання прытрымліваліся госці.

Вядома, цяжка было чакаць ад аўтсайдэра чэмпіянату атакуючай гульні. Паўночнікі лагічна «селі» нізка на сваёй палове поля і пераадолець шмат эшаланаваную абарону было вельмі цяжка. Але ў «Дынама» атрымлівалася! Атрымлівалася ўсё, акрамя завяршэння. Вяршыняй нешанцавання стаў звон штангі на 25-й хвіліне пасля ўдару Ягора Зубовіча. Можна толькі панаракаць на тое, што мяч у браму ўпарта не ішоў, хоць гульнявая перавага «Дынама» не выклікала сумневаў наогул ні ў кога на трыбунах, і гол бачыўся толькі справай часу.

 


Гол здарыўся на 32-й хвіліне, калі «Дынама» атрымала права на штрафны. І ў сітуацыі, калі 9 з 10 каманд шукала б шчасця ў прамым ўдары па браме (надта ўжо «кропка» для ўдару была добрая) бела-блакітныя павялі сябе вельмі нестандартна, разгуляўшы мяч. Габоўдзе, пасля хітрушчага паса Быкава, толькі што і заставалася - трапіць у браму - што ён і зрабіў! І дынамаўцы ўсёй камандай адправіліся да кутняму сцяжка адзначаць забіты гол. З часоў памятнай «ранішняй зарадкі» не даводзілася бачыць ад нашых хлопцаў хатніх нарыхтовак у святкаванні ўзяцця брамы.

Навапалачан такі перфоманс ад гаспадароў не ўразіў, і яны свой контршанс выкарысталі практычна маментальна - у першай жа ў адказ атацы. Прычым Сучкоў «расстрэльваў» Ігнатовіча двойчы ...

Гэтак жа, дуплетом, прыстрэльваюць Каляеў на апошняй хвіліне першага тайма, але там ужо наш галкіпер быў непрабіўным.

 



Другі тайм прайшоў пад знакам татальнай перавагі гаспадароў, і ўжо праз 5 хвілін пасля пачатку тайма «Дынама» расставіла кропкі над і: Габоўда пасам праз паўполя вывеў Зубовіча на рандэву са Сцяпанавым і на гэты раз ніякая штанга не перашкодзіла нашаму форварду забіць гол.


Не меньш шыкоўным атрымаўся і трэці гол гаспадароў. Прычым галоўныя ролі ў другім узяцці брамы згулялі рэзервісты, якія з'явіліся на полі ў другім тайме - Карыцька і Хвашчынскі. Так, ні галаўкама «Дынама» - Сяргея Бароўскага, ні заўзятараў на трыбунах не задавальняла мінімальную перавагу гаспадароў, і дасведчаны трэнер выразна адчуў, у гасцей дзе тонка, і дзе павінна парвацца. Замены спрацавалі, як гэта прынята казаць, на ўсе 100%. Глядзіце відэа, бо апісваць гэты гол доўга, куды прыемней яго смакаваць на свае вочы.

 


«Нафтан» апамятаўся толькі ў апошнія хвіліны матчу, але іх атакі былі рэдкія і не неслі ў сабе той вастрыні, з якой паўночнікі заканчвалі першы тайм.

У выніку матч так і завяршыўся: гаспадары, на працягу ўсёй гульні валодаючы бясспрэчнай перавагай, па справе выйгралі. Пры ўсёй павазе да суперніка.

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах