Дынама - Шахцёр - 1:4

14.09.2014

З буйной паразы пачала другі этап чэмпіянату краіны наша каманда.

 

 

 

 

 

Ужо ў самым пачатку сустрэчы дынамаўцы ўпэўнена ўзялі рух падзей матчу пад свой кантроль. «Шахцёр» не саромеўся гуляць другім нумарам, і чакаў свайго шанцу ў контратацы. У цэлым жа, за першыя 45 хвілін сустрэчы гэтых самых контрвыпадаў гасцей было няшмат. «Дынама» дзейнічала ўпэўнена і агрэсіўна. Актыўна працавалі флангі ў каманды Ўладзіміра Жураўля. Спярша шанец вызначыцца быў у Сімавіча, пасля - меў шанец вызначыцца Адамавіч. Прыканцы першага тайму выдатную магчымасць адкрыць лік меў Удожы, які пасля навесу ўдарам галавой трапіў у ашэстак салігорскай брамы, а на дабіванні - прабіў вышэй.

Ужо ў сярэдзіне першага тайму галоўны трэнер мінчукоў адправіў размінацца Франка Джа Джэджэ. Калі адбудзецца дэбют - гэта было толькі пытанне часу. І ў пачатку другога тайму івуарыец выйшаў на поле, замяніўшы Эрнана Фігерэда. Ні што не прадвяшчала бяды, але пачатак другога тайму выдалаўя проста кашмарным для ўсіх заўзятараў «Дынама». Спярша Сяргей Карповіч не ўсачыў за Мікалаем Янушам, які адарваўся ад нашых абаронцаў і адкрыў лік у матчы.

Літаральна праз 2 хвіліны ў выніку непаразумення Алега Вераціла і Аляксандра Гутара і спрытнасці Мікалая Януша - салігорцы падвойваюць рахунак. Яшчэ праз 5 хвілін усё той жа Януш афармляе хет-трык, упэўнена перайграўшы на другім паверсе Сяргея Канцавога. Пасля трэцяга прапушчанага мяча некаторыя гледачы пацягнуліся да выхаду ...

Да такога павароту падзей ніхто не быў гатовы. Але і на трох забітых мячах гарнякі не супакоіліся. Як нож скрозь масла - прайшоў праз нашу абарону Павел Вайцахоўскі, які своечасова апынуўся на мячы, пасля траплення таго ў штангу брамы Гутара. 0:4 і на душы стала проста невыносна ... Адзінае, чым змаглі адказаць дынамаўцы - стаў гол Ненада Адамавіча, які ўдала замкнуў навес нашага капітана - Ігара Стасевіча. 1:4.

Хочацца падзякаваць тым заўзятарам, хто сёння быў з камандай да канца. Верым у Дынама!

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах