Нёман - Дынама - 0:2. Заслужаная перамога

28.04.2018

Гульню кантралявалі, перамаглі заслужана. «Дынама» набірае тры балы ў Гродне.

 

 

 

 

Гродна жыў чаканнем гэтага матчу! З раніцы ў дзень гульні на ўсіх гарадскіх аўтобусах развіваліся сцяжкі «Нёмана», апавяшчаючы гараджан аб тым, што сёння любімая каманда праводзіць хатні матч. Увесь папярэдні тыдзень у кінатэатрах горада перад сеансамі ішлі анонсы гульні. І фан-зона адкрылася задоўга да пачатку матчу: а 16:00 пачаўся турнір «Бацька і сын», у якім прымалі ўдзел не выпадковыя мінакі, а менавіта заўзятары, якія ішлі на матч сем'ямі! Нядзіўна, што за гадзіну да гульні, калі ў фан-зоне пачалі працаваць асноўныя актыўнасці, заўзятараў на стадыёне ўжо было нямала!

Спраўджваючы чаканні, футбалісты «Нёмана» пачалі матч актыўна: Януш на пару з Яблонскім стварылі момант, пра які потым яшчэ доўга будуць успамінаць і журналісты, і заўзятары гаспадароў: «А што калі б Яблонскі патрапіў у браму ...»

«Дынама» на ўсе гэтыя разважанні ўвагі не звяртала і вырашала ў гульні свае задачы, дзейнічаючы хай і не так відовішчна, як таго хацелася б іншаму заўзятару, але вельмі эфектыўна. Што, у сваю чаргу, вельмі падабаецца заўзятарам бела-блакітных.

Па сутнасці, першы ж момант ля брамы «Нёмана» стаў галявым: пятую галявую перадачу ў сезоне аддаў Ураш Нікаліч, а гол на свой рахунак запісаў Уладзімір Хвашчынскі. Калі ўжо і казаць пра лічбы, то дарэчы будзе ўзгадаць, што гэты матч ва Уладзіміра быў 215-м у чэмпіянатах Беларусі, а гол - чацвёртым запар у выязных матчах «Дынама».

Пасля забітага гола кантроль за гульнёй канчаткова перайшоў ў рукі «Дынама». «Нёман», як не імкнуўся, так і не змог больш стварыць які-небудзь небяспечны моманту каля брамы Гарбунова.

А вось «Дынама» спакойна і ўпэўнена довяло матч да перамогі, забіўшы яшчэ адзін гол, ды які! Ураш Нікаліч метраў з 18 прабіў магутна пад ашэстак, і Жураў, як ні стараўся, а парыраваць удар не змог.

А пасля матчу здарыўся такі усімі любімы, але ўжо парадкам прызабыты рытуал - каманда ў поўным складзе падзякавала дынамаўскі фан-сектар за падтрымку!

Наступны матч «Дынама» згуляе супраць салігорскага «Шахцёра». Матч пройдзе 6 траўня ў 15:30 на стадыёне «Трактар».
Квіткі ўжо ў продажы!

 

Фотагалерэя матчу

Відэаагляд

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах