Другі збор - пачатак пакладзены!

06.02.2018

Сёння ў Турцыі пачаўся другі вучэбна-трэніровачны збор.

 

 

 

 

 

Валізкі - аўтобус - «Стайкі» - аэрапорт - самалёт - аэрапорт - самалёт - аэрапорт - аўтобус - «Sueno Deluxe» ... Прыкладна вось так выглядаў учорашні дзень для мінскага «Дынама» - першы турэцкі збор пачаўся, і надышоў час зацята папрацаваць!

 

 

Дабраліся ў Анталію дынамаўцы без здарэнняў, усё прайшло спакойна, як звычайна. У гэты раз кампанію бела-блакітным па дарозе ў Анталію склалі футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ». Беларускі футбольны свет - штука даволі цесная, дзе кожны знаёмы з кожным (ну, амаль), вось і ўчора ў аэрапорце нашы хлопцы сустрэлі шмат старых сяброў і знаёмых, а некаторыя з іх таксама добра знаёмыя і дынамаўскім заўзятарам - гаворка пра Сяргееў: Карповіча і Канцавога.

 

 

Ужо ў першай гадзіне ночы каманда дабралася да месца сваёй дыслакацыі на бліжэйшыя два тыдні - гатэль «Sueno Deluxe». Дарэчы, разам з намі пражываюць футбаліст «Ахмата», а ў суседнім гатэлі пражывае «Зеніт». А непадалёк ад нас трэніруюцца футбалісты берасцейкага «Дынама». А ў канцы ранішняй трэніроўкі мы сустрэлі галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Расіі - Станіслава Чарчэсава. Свет цесны, без сумневаў.

 

 

Першая ноч атрымалася даволі сумбурнай, бо хтосьці з хлопцаў лёг спаць толькі пасля другой гадзіны, а ўжо зусім хутка неабходна было ўздымаццы на сняданак і рыхтавацца да першай трэніроўкі…

 

 

Зрэшты, не самы працяглы сон не стаў праблемай для хлопцаў, і хмурных твараў на ранішняй трэніроўцы мы не заўважылі. Усе хлопцы так доўга чакалі таго моманту, калі буцы пераступяць з халоднай сінтэтыкі на мяккую траву, і вось гэты момант здарыўся. Дарэчы, газон на нашай трэніровачнай паляне ў выдатным стане!

 

 

Сёння каманда правяла дзве трэніроўкі, заўтрашні дзень пройдзе ў тым жа рэжыме. Ну а ў чацвер ужо нас чакае першы кантрольны спарынг супраць махачкалінскага «Анжы». Сустрэча пачнецца ў 17:00.

 

 

А пакуль прапануем вам падпісвацца на наш канал у Інстаграме,дзе мы будзем падрабязна асвятляць ход нашых збораў! Заставайцеся з намі!

 


 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце