Радаснае знаёмства Арцёма Рудзянка

23.10.2017

Футбалісты мінскага Дынама пабывалі ў бараўлянскім дзіцячым цэнтры анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

 

 

 

 

Некалькі тыдняў таму ў офіс нашага клуба прыйшоў ліст з бараўлянскага дзіцячага цэнтра анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. У шпіталі на лячэнні знаходзіцца хлопчык са Светлагорску, які вельмі любіць футбол, і кіраўніцтва дзіцячага цэнтра звярнулася ў наш клуб з просьбай падтрымаць дзесяцігадовага Арцёма Рудзянка. Вядома ж, мы з задавальненнем адгукнуліся на гэтую просьбу.

 

У пятніцу ў Бараўляны адправіліся Арцём Быкаў, Яраслаў Яроцкі і Арцём Кійко - цэлых два цёзкі маленькага хлопчыка наведалі яго. Арцём заўзее за «Барселону» і лічыць, што пасьля ад'езду Нэймара ў Парыж, справы ў сіне-гранатавых сталі горш. Але таксама светлагорскі хлопчык не па чутках ведае пра мінскае «Дынама». З ззяючымі вачамі паціскае рукі нашым футбалістам - так блізка з сапраўднымі майстрамі скуранога мяча Арцём яшчэ не сутыкаўся. За час візіту хлопцы пагаварылі на розныя тэмы: Быкаў, Яроцкі і Кійко ўзгадвалі свае школьныя гады і пра тое, як рабілі першыя крокі ў футболе.

 

Арцём Рудзянок апынуўся ў бараўлянскім дзіцячым цэнтры з-за траўмы, атрыманай на школьным уроку фізкультуры - таму словы падтрымкі ад Арцёма Быкава мелі асаблівую вагу, усё ж такі наш паўабаронца сам не па чутках знаёмы са словам «траўма». Ад нашых футбалістаў хлопчык атрымаў у падарунак камплект футбольнай формы з уласным прозвішчам і нумарам 10. З вялікай радасцю Арцём тут жа перапрануў майку Нэймара на ўжо сваю, асабістую. Як мала трэба дзіцяці для шчасця!

Мы пазнаёміліся і з мамай Арцёма, і паабяцалі яшчэ не раз наведацца ў госці да юнага футбаліста. Ну а нам хлопчык паабяцаў намаляваць яшчэ некалькі выдатных малюнкаў да наступнага візіту і падтрымліваць нашу каманду ля тэлевізара. Больш за тое, ён спадзяецца, што ў хуткім часе ён зможа пабываць на стадыёне асабіста і ўжывую ўбачыць, як гуляе яго любімае «Дынама». А мы верым, што наш візіт зможа надаць Арцёму сіл для хутчэйшага аднаўлення. І можна ўпэўнена сказаць, што ў пятніцу мы пазнаёміліся з вельмі моцным і ўпэўненым хлопчыкам, які стане нашым добрым сябрам.

 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах