Максім Швецоў: "Быць капітанам каманды - гэта ў першую чаргу думаць не аб сваёй гульні, а аб усіх, як аб адзіным цэлым"

12.06.2019

Каментар Максіма Швецова аб матчы з Гібралтарам, трэніроўках і далейшых планах маладзёжнай зборнай

 

 

 

 

 

8 чэрвеня маладзёжная зборная Беларусі пачала барацьбу ў кваліфікацыйным турніры Чэмпіянату Еўропы 2021 года. Першы хатні матч каманда правяла з Гібралтарам, які выйграла з разгромным лікам - 10:0! Насамрэч, але гэта самая буйная перамога ў гісторыі беларускага «маладзёжнага» футболу. Ранейшы рэкорд здарыўся ў 2007 годзе на гульні з камандай з Сан-Марына, дзе беларусы забілі шэсць мячоў, не атрымаўшы ў сваю браму ніводнага.


У склад зборнай былі выкліканыя адразу два маладых «дынамаўца» - Максім Плотнікаў і Максім Швецоў. Апошні таксама абраны капітанам «маладзёжкі», таму мы трохі пагутарылі з Максам, каб даведацца пра яго ацэнку мінулага матчу, уражанні ад зборнай, а таксама бачанне наступных гульняў.

Максім, ну, для пачатку, з перамогай, і не толькі каманднай, але і асабістай, усё ж капітан маладзёжнай зборнай - гэта ўжо сур'ёзна.

- Дзякуй вялікі. Перамога ў гульні, лічу, у нас заслужаная, добры матч атрымаўся, з нашага боку ў атацы ўдалося ўсё, рэалізавалі моманты, забілі рэкордную колькасць галоў. Прыемна станавіцца часткай такіх падзей. Гледачам напэўна запомніўся больш другі тайм, але калі ацэньваць нашу гульню, то я б больш глядзеў на першыя 45 хвілін. Супернік пад канец зусім падсеў, таму па тэхнічнасці другая частка гульні не такая яркая. Але на вынік гэта да шчасця не паўплывала, такім чынам усё добра.


Якія эмоцыі адчуў, калі выбралі капітанам?

- Тут хутчэй пачуццё адказнасці. Быць капітанам каманды - гэта ў першую чаргу думаць не пра сваю гульню, а пра ўсіх, як аб адзіным цэлым. Стараўся кантраляваць працоўныя працэсы, дапамагаць хлопцам. У нас у гэтым годзе шмат дэбютантаў ў зборнай, важна было прасачыць, як яны асвояцца. Часам падказваў, перад матчам стараўся падбадзёрваць ўсіх.


Калі ўсё ж аналізаваць менавіта сваю гульню, як бы ацаніў?

- Цяжка сказаць, цяжка сябе самому ацэньваць. Для гэтага ёсць трэнер, калі задаволены - значыць, добра згуляў, калі незадаволены - трэба старацца лепей. Хваліцца асабліва не варта, заўсёды ёсць да чаго імкнуцца, бо немагчыма ідэальна  згуляць. Я імкнуся да сваёй гульні з крытыкай падыходзіць, каб можна было далей расці.


Што скажаш пра трэніроўкі зборнай, аб партнёрах?

- За той час, што трэніраваліся разам, атмасфера склалася даволі цёплая, працоўная. Трэнера ведаю даўно, з Міхаілам Міхайлавічам працавалі яшчэ ў юнацкай зборнай, таму ўсё знаёма было. Хлопцы добрыя, прафесіяналы, да матчу падыходзілі вельмі сур'ёзна, упарта працавалі. Па маіх адчуваннях, вельмі нядрэнны сабралі ў гэты раз калектыў, хочацца верыць, што ў нас і далей усё будзе атрымлівацца.


Наступны матч - ...?

- З Партугаліяй, у верасні. Але да яго час ёсць, зараз трэба гуляць у клубе, паказваць вынік, каб атрымаць выклік у зборную. Пакуль у нас з Максам Плотнікавым галоўная мэта - гэта перамогі «Дынама», а па меры набліжэння наступных сустрэч будзьма над гэтым працаваць.

 


 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах