Чарговыя перамогі юных дынамаўцаў

13.05.2019

Аб выніках каманд 2008 і 2010 гадоў нараджэння на міжнародных турнірах

 

 

 

 

 

Тры турніры - тры перамогі! У гэтым месяцы юныя выхаванцы Aкадэміі мінскага «Дынама» бліскуча паказалі сябе на міжнародных турнірах ва Украіне і Польшчы. Пакараць еўрапейскія абшары адправіліся каманды 2008 і 2010 гадоў нараджэння, і вынікі, трэба прызнацца, вельмі ўражваюць!

 

На міжнародным турніры «Кубак Львіва» каманда «Дынама-2010» заваявала першае месца, набраўшы 18 балаў. З сямі згуляных матчаў, у хлопцаў шэсць пераможных: супраць каманд «Карпаты» (2:1), «Прагрэс» (5:0), «Рух» (4:0), «Ніка» (3:0), «Чарнаморац »(7:1) і «Чэмпіён» (4:0). Саступілі «дынамаўцы» толькі камандзе «Зінэдзін» з лікам 1:2. Сярод гульцоў вызначыўся Мікіта Шагойка - яго прызналі найлепшым нападаючым турніру.

 

На гэтым жа кубку гуляла наша каманда 2008 года нараджэння - і ў гэтых дзетак таксама атрымалася стаць лідэрамі турнірнай табліцы. Выхаванцы Акадэміі вынікова згулялі з камандамі «Карпаты» (2:1), «Банік» (5:0), «Рух» (2:1), «Ніка» (2:0), «Вотрас» (6:1), а затым, на жаль, саступілі ў двух апошніх матчах: ФК «Львоў» (0:3) і «Скала» (1:2). Найлепшым гульцом турніру сваёй узроставай катэгорыі быў прызнаны наш выхаванец, Яраслаў Гняўшоў. Намінацыя найлепшы брамнік - за Раманам Варапаем.

 

Да гэтага «Дынама-2008» не меньш вынікова адыграла на турніры «Сціла Гожув», які праходзіў у пачатку траўня ў Польшчы. У сваёй групе падапечныя Івана Рыгоравіча Гарбара не прайгралі ні воднага матчу! Затым пераможную чараду перапыніў толькі матч з камандай «Шчэцін» - 1:2. Так ці інакш, 12 балаў у скарбонцы, а з імі і першае месца ў фінале турніру. Бясспрэчна, травень для хлопцаў стаў у літаральным сэнсе гэтага слова пераможным.

 

Мы віншуем выхаванцаў, а таксама іх трэнераў, Івана Гарбара і Станіслава Шараева, з гэтай пераможнай серыяй. Чакаем новых выдатных навін і вынікаў!  

 

Тэгі: Школа

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце
Навіны па тэгах