Чыгозэ Удожы: вынікам задаволены!

24.06.2014

Чыгозэ Удожы даў ітэрв'ю газеце "Прэсбол". Вашай увазе прапануецца поўны тэкст матэрыялу.


 

 

 

 

 

 

 

Крыніца: газета "Прэсбол",№92 (3465), аўторак, 24 чэрвеня 2014. Аўтар: Сяргей Нікалаеў

Нігерыец з балгарскім пашпартам Чыгозэ УДОЖЫ праводзіць у Беларусі першы сезон, але за некалькі месяцаў паспеў зрабіцца адным з самых яркіх персанажаў нашага чэмпіянату. Атакуючы паўабаронца мінскага «Дынама» вылучаецца выдатным дрыблінгам, рэгулярна забівае, аддае выніковыя перадачы і трапляе ў зборныя тура па версіі нашай газеты. Вось і ў паядынку з «Шахцёрам» Удожы вызначыўся, двойчы паразіўшы браму салігорцаў. На старце сезона мы ўжо знаёмілі чытачоў з гэтым хлопцам, але з тых часоў выцякло нямала вады. І ўчора карэспандэнт «ПБ», звязаўшыся з Чыгозэ, зноў распытаў афрыканца пра яго беларускае жыццё.

 



- Што скажаш аб матчы з «Шахцёрам»?

- Вынікам задаволены. Любы футбаліст заўсёды імкнецца да перамогі. Уся каманда выдатна папрацавала.

 

- Ты запісаў у актыў дубль. Гэта твая лепшая гульня ў сезоне?
- Не магу так сказаць. Значэнне мае толькі тое, што мы ўзялі тры пункты. Усе хлопцы вельмі стараліся і выявілі свае лепшыя якасці. Цяпер ужо думаем аб наступным матчы.

 

- Ваша каманда выйшла ў лідэры. Нічыя БАТЭ у сустрэчы з «Гомелем» здзівіла?
- БАТЭ мяне не хвалюе. Думаю толькі пра «Дынама». Трэба канцэнтравацца на сваёй працы. Калі барысаўчане дапускаюць асечкі, гэта іх праблемы.

 

- Хто зараз фаварыт у барацьбе за тытул?
- Ня ведаю і не хачу гаварыць на гэтую тэму. Будзем змагацца.

 

- Мяркуючы па ўсім, ты лёгка асвоіўся ў чэмпіянаце Беларусі?
- Гэта ня толькі мая заслуга. Аднаклубнікі выдатна дапамаглі, зрабілі ўсё, каб палегчыць мне адаптацыю. І я сам лічу, што трэба быць разам з хлопцамі, як мага больш мець стасункаў, каб на новым месцы адчуваць сябе камфортна.

 

- Узровень беларускай лігі лепш ці горш, чым ты чакаў?
- Насамрэч ён нядрэнны. Нармальны турнір. Хтосці, можа, і кажа з пагардай: "Ай, Беларусь". А на самой справе гэта проста іншая частка Еўропы. Як і, скажам, Расія.

 

- Можаш параўнаць наш чэмпіянат з першынством Грэцыі, Румыніі, Балгарыі? Ты ж пагуляў ва ўсіх гэтых краінах.
- Думаю, беларуская ліга цяпер мацней балгарскай і прыкладна на адным узроўні з румынскай. А вось чэмпіянат Грэцыі класам вышэй.

 

- Некаторыя нашы стадыёны шакуюць замежнікаў ...
- Па мне дык яны даволі нядрэнныя. Палі прыстойныя. Трыбуны, праўда, у многіх месцах пакідаюць жадаць лепшага. І колькасць гледачоў на іх, дарэчы, таксама. Бо добры футбол ствараецца ў тым ліку і заўзятарамі.

 

- Новая арэна ў Барысаве вылучаецца на агульным фоне?
- О, гэта высокі ўзровень. Можна праводзіць міжнародныя матчы. Калі трыбуны перапоўненыя, атмасфера што трэба, то любы футбаліст захоча там згуляць. Добрая арэна і ў Брэсце. Ды і «Дынама» будуе новы стадыён.

 

- За мінулыя месяцы аб'ездзіў нямала беларускіх гарадоў. Дзе спадабалася?
- Мінск па-ранейшаму па-за канкурэнцыяй. Усё ж гэта сталіца, а я аддаю перавагу вялікім гарадам. Тут чыста, акуратна. Мне падабаецца.

 

- На старце сезона ты сказаў, што праз два-тры месяцы загаворыш па-руску. Атрымліваецца?
- Ха! Разумею многае. Спрабую і гаварыць з сябрамі. Але пакуль не магу сказаць усё, што хачу. Але нічога, яшчэ падвучу мову.

 

- Калі дасі інтэрв'ю на рускай?
- Хутка!

 

- Моўны бар'ер, мяркуючы па ўсім, не перашкаджае?
- Гэта не праблема. Нешта магу сказаць на англійскай. Многія хлопцы яе хаця б разумеюць гэтак жа, як я рускую. А некаторыя могуць і размаўляць. Напрыклад, Стасевіч, Быкаў, замежнікі. Мы па-добраму смяемся, калі хлопцы спрабуюць нешта сказаць на "інгліш" ці ж я па-руску, але атрымліваецца не зусім правільна. Часам трэба і павесяліцца, так нават лягчэй нешта вывучыць. Нельга ўвесь час заставацца занадта сур'ёзным.

 

- Галоўны трэнер Уладзімір Журавель таксама любіць пажартаваць?
- Ён нармальны коуч. Часта размаўляе са мной, пытаецца, ці ёсць праблемы. Журавель сам гуляў і ведае, з якімі цяжкасцямі можа сутыкнуцца футбаліст. Трэнер размаўляе са мной па-руску. Калі я нешта не разумею, у нас ёсць перакладчык.

 

- Знайшоў у «Дынама» новых сяброў?
- Добра кантактую з усімі хлопцамі. Можам выбрацца ў вольны час у рэстаран ці яшчэ куды-небудзь. Вядома, з Умару Бангура лягчэй - мы абодва афрыканцы, любім аднолькавую ежу. Рыхтуем яе дома - і затым запрашаем адзін аднаго ў госці.

 

- А як жа Адама Дыямандэ?
- Ха, у яго іншыя густы. Адама нашу ежу не вельмі любіць. Але з ім таксама маем нармальныя адносіны.

 

- У Дыямандэ ў «Дынама» пакуль не вельмі атрымліваецца. У чым прычына?
- Не ведаю. Гэта яго жыццё, я ў яго ня лезу. У мяне свая праца.

 

- На мінулым тыдні ты адлучаўся ў Балгарыю. Навошта?
- Трэба было аформіць некаторыя дакументы на візу для дзяцей.

 

- Сям'я зараз не з табой?
- Ужо ў Мінску. У мяне жонка і двое дзяцей - дачка, якой 3 гады і 10 месяцаў, і паўтарагадовы сын. Ім тут падабаецца. Выдатна, што мы разам.

 

- Дзе ў беларускай сталіцы можна цябе сустрэць?
- У асноўным у Парку Перамогі. Часта гуляем там з сям'ёй - з калыскай для маляняці, роварамі. Можам пакатацца на лодачцы.

 

- Колеры жаночай каманды «Мінск» абараняюць тры футбалісткі з Нігерыі - Гіфт Еле Атувэ, Тава Баланлі Ішола і Аноме Эбі. Знаёмы з імі?
- Так, мы сябруем. Быў у іх у гасцях два ... не, нават тры разы. Дзяўчынкі прыходзілі і на мае матчы, а я вось на іх гульнях пакуль не бываў. З задавальненнем схадзіў бы, але пакуль няма часу.

 

- Нігерыйцы, якія не звязаныя з футболам, у Беларусі табе сустракаліся?
- А як жа. Ёсць хлопцы, якія тут вучацца ва ўніверсітэтах. Яны прыходзяць на кожны наш хатні матч.

 

- Хутка «Дынама» стартуе ў Лізе Еўропы. Твае чаканні?
- Гэта адзін з лепшых турніраў на кантыненце. Трэба зрабіць усё, каб выступіць у ім паспяхова. Прагнозаў наконт таго, як далёка мы зможам прайсці, рабіць не буду. Задача трэнера - аптымальна падрыхтаваць нас да еўракубкаў.

 

- Калі ў апошні раз выступаў на еўраарэне?
- Калі не памыляюся, чатыры гады таму. Тады я гуляў за грэцкі «Астэрас».

 

- Зараз у Бразіліі праходзіць чэмпіянат свету. Твае ўражанні?
- Добры футбол, шмат нечаканых вынікаў. Больш за ўсё здзівіла няўдача іспанцаў. Што ж, заўсёды трэба быць гатовым да любога развіцця падзей. Калі перамагаеш - трэба працаваць далей. І калі прайграваеш - таксама. Бедаваць ня варта.

 

- Па начах матчы таксама глядзіш?
- Бывае, але не так часта. Калі жывеш адзін, то можаш глядзець усё, што заўгодна. А з двума дзецьмі ўжо складаней.

 

- Нігерыйская зборная блізкая да выхаду з гурта. Суайчыннікі радуюць?
- Вядома. Спадзяюся, яны пройдуць далёка. Калі праб'юцца ў паўфінал, гэта будзе вельмі-вельмі выдатна. Бо афрыканскія зборныя ніколі ў гісторыі не падымаліся так высока.

 

- Ці мог бы ты сам згуляць за нігерыйцаў?
- Няма такога ўзроўню, на якім я не быў здольны выступіць. Ужо дзесяць гадоў варуся ў прафесійным футболе. Але тут не ўсё залежыць ад мяне.

 

- За якія яшчэ зборныя заўзееш?
- Заўсёды падабаліся бразільцы. Веру, што гэтым разам яны возьмуць золата. Хоць будзе цяжка - на гэтым чэмпіянаце шмат сюрпрызаў!

 

- Пару месяцаў таму ты казаў, што любіш хакей і хацеў бы схадзіць на матчы мінскага чэмпіянату свету. Удалося гэта зрабіць?
- Так, наведаў адну гульню. Мне спадабалася, на трыбунах шмат гледачоў. Беларусь сустракалася ... нават ня памятаю, з кім. Мы пабылі там крыху і сышлі - трэба было вяртацца дадому, да дзяцей.

 

- Ты любіш эксперыментаваць з прычоскамі. Калі «Дынама» стане чэмпіёнам, што састражэш на галаве?
- Яшчэ ня ведаю. Але, думаю, зноў як-небудзь здзіўлю наваколле. Калі мы возьмем золата, я буду шчаслівы!

 

 

Крыніца: газета "Прэсбол",№92 (3465), аўторак, 24 чэрвеня 2014. Аўтар: Сяргей Нікалаеў

 

Пераклад на беларускую мову ад афіцыйнага сайта ФК Дынама-Мінск
 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце