
Павел Пласконны
- Выхаванец: ДзЮСШ (Бялынічы)
- Першы трэнер: Сяргей Пласконны
- Папярэднія клубы: Лакаматыў Масква (Россия), Шахцёр Салігорск, Паніёніс (Грэцыя), Нёман Гродна
Займацца футболам Павел Пласконны пачаў у родных Бялынічах пад кіраўніцтвам бацькі , які працуе трэнерам у мясцовай ДзЮСШ.
Хлопец хутка прагрэсаваў , і самым верагодным варыянтам развіцця падзей бачылася з'яўленне Паўла ў моладзевай камандзе з суседняга Магілёву або ў іншым беларускім клубе. Аднак лёс зрабіла нечаканы паварот - у 17 гадоў Пласконны трапіў у акадэмію маскоўскага «Лакаматыва» , якую з поспехам скончыў . Потым былі два гады ў дублюючым складзе чыгуначнікаў. За аснову малады футбаліст адыграў толькі аднойчы - у 2003 годзе ў матчы Кубку Прэм'ер-лігі з «Тарпеда- Металургам» .
У 2005 - м Пласконны вярнуўся на Радзіму , каб з салігорскім «Шахцёрам» заваяваць залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. У складзе гарнякоў абаронца адыграў тры сезоны, дадаўшы ў скарбонку трафеяў яшчэ дзве «бронзы» ( 2006, 2007) .
Упэўненая і стабільная гульня Пласконнага ў клубе дазволіла яму атрымаць запрашэнне ў галоўную каманду краіны. Яго дэбют у зборнай Беларусі адбыўся ў 2006 годзе ў таварыскім матчы з Эстоніяй. З тых часоў Павел неаднаразова прыцягваўся пад сцягі нацыянальнай каманды.
Вырашыўшы змяніць абстаноўку, у 2008- м футбаліст выправіўся ў Грэцыю, дзе падпісаў доўгатэрміновы кантракт з «Паніёнісам» . Аднак адыграў там усяго пяць матчаў і вярнуўся ў «Шахцёр». Адкуль транзітам праз гарадзенскі «Нёман» перабраўся ў мінскае «Дынама».
Сезон -2012 дынамаўцы пачалі з Аляксандрам Сяднёвым, а сканчалі ўжо з Алегам Пратасавым. Аднак перастаноўкі на трэнерскім мастку не пахіснулі пазіцыі Пласконнага ў асноўным складзе. Футбаліст выходзіў на поле ў большасці матчаў і дапамог «бела-блакітным» пасля двухгадовага перапынку заваяваць бронзавыя медалі.